Яўген Скрабутан меў гутарку ў КДБ
Студэнт-каліновец Яўген Скрабутан з Зэльвы быў сёньня ў міжраённым аддзеле КДБ у Ваўкавыску. У яго адбылася гадзінная гутарка з капітанам Алегам Жывушкам, якога цікавіла студэнцкая праграма імя К.Каліноўскага і існаваньне “Маладога Фронту”. Яўгену былі паказаныя друкаваныя матэрыялы з інтэрнэту, у якіх узгадваецца ягонае прозьвішча.
Афіцэр, аднак, адмовіўся камэнтаваць нядаўні сюжэт Беларускага тэлебачаньня, у якім Яўгена і некалькіх іншых студэнтаў узгадвалі, гаворачы пра “інструкцыі па тэрарызму”.
Яўген Скрабутан езьдзіў у Ваўкавыск вымушана: яму спатрэбілася замена пашпарту, а пячатку аб дазволе выезду за мяжу ня ставяць бяз санкцыі КДБ.
Першым разам ён прыехаў у ваўкавыскі КДБ учора, але яму сказалі, што ня маюць на яго часу. Сёньня пасьля гутаркі студэнт-каліновец атрымаў паперу, дзякуючы якой яму павінны паставіць у пашпарт пячатку аб дазволе выезду ва ўсе краіны сьвету.
Яўген Скрабутан навучаецца у Варшаўскім унівэрсытэце, раней ён быў выключаны з Гарадзенскага ўнівэрсытэту.
Па інфармацыі радыё Свабода