Ігара Аліневіча рэгулярна караюць штрафным ізалятарам

Палітвязень з верасня пабываў у ШІЗА 5 разоў. Прэсінг пачаўся праз два месяцы пасля пераводу з Наваполацкай калоніі ў Віцьбу. Звычайна садзяць на 10 сутак, па максімуму. Пра гэта распавяла сайту salidarnasc.org маці палітвязня Валянціна Аліневіч.

Падчас знаходжання ў ШІЗА нельга ўдзень ляжаць на нарах (яна прысцёгваецца да сцяны), чытаць кнігі, пісаць лісты. Не выдаюць пасцельныя прылады…

Валянціна Аліневіч распавяла як яе сын становіцца злосным парушальнікам: “Вывешваюць графік дзяжурства. Там усе сядзельцы распісаныя. Але паводле завядзёнцы прыбірае пэўная катэгорыя асуджаных. Ім усе скідваюцца, кампенсуюць гэтую працу. Калі прыходзіць чарга Ігара, яго начальства прымушае прыбіраць туалеты абавязкова. Ён адмаўляецца, і яму пішуць “злоснае парушэнне”.

Спадарыня Валянціна распавяла таксама пра дробныя пакасці і складанасці, якія ствараюць палітычным: “Я даслала тэлеграму, што да яго едзе адвакат. Яго папярэдзіць вельмі важна, бо каб адваката дапусцілі да сустрэчы з ім, ад яго патрэбная заява на імя адміністрацыі калоніі. Дык вось, яму гэтую тэлеграму не перадалі. На мой запыт адказалі: “А мы нічога не атрымлівалі”. Глядзяць у вочы і хлусяць. Папрасіў Ігар знайсці яму кнігу “Фрыканоміка”. Пасол Вялікабрытаніі даслаў яму гэтую кнігу на ангельскай мове (Ігар выдатна ведае ангельскую), але яму яе не перадалі”.

Палітзняволеным таксама часта не аддаюць часопісы, газеты, на якія яны падпісаныя. Няпроста з лекамі і вітамінамі. Усім даюць на рукі, а палітзняволеным - ледзь не па адной пігульцы. Яны кожны дзень мусяць прасіць-кланяцца, каб ім выдалі чарговую порцыю лекаў.

Паводле Валянціны Аліневіч, якая перазнаёмілася са сваякамі іншых асуджаных, стаўленне да палітычных з боку адміністрацыі асабліва жорсткае. Звычайным зняволеным дазваляюць пазачарговыя спатканні, па 120 кг перадачаў, дадатковыя перадачы, шматлікія тэлефонныя размовы. Ад палітычных патрабуюць безумоўнага выканання ўсіх патрабаванняў і фармальнасцяў. За нязначныя парушэнні сурова караюць. Кіраўніцтва ўстаноў дае зразумець, што ўказанне на перадузятае стаўленне і прэсінг палітычных дадзена “зверху”.

Зараз такая тэндэнцыя: палітвязняў паказальна пераводзяць у нібыта “добрыя” атрады, яны адрозніваюцца адносна добрымі побытавымі ўмовамі. Там пафарбаваныя сцены, адрамантаваная сантэхніка, вокны з шыбамі. “Па разуменню адміністрацыі калоніі, ёсць што паказаць Еўропе! Але няма галоўнага – чалавечага стаўлення да людзей!” – адзначае Валянціна Аліневіч.

Нагадаем, падтрымаць палітвязня Ігара Аліневіча можа кожны. Для гэтага дастаткова даслаць ліст альбо паштоўку з цёплымі словамі салідарнасці на адрас: 

211300, Віцебская вобл., Віцебскі р-н, п. Віцьба. ПК № 3.
 

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку