Ігара Банцара вызвалілі датэрмінова
17 кастрычніка з гарадзенскага ізалятара часовага ўтрыманьня выйшаў на волю Ігар Банцар - рэдактар часопіса Саюзу палякаў на Беларусі “Magazyn Polski na uchodzstwie”. Тэрмін зняволеньня журналіста павінен быў скончыцца 20 кастрычніка.
Увечары 17 кастрычніка калегі журналіста – актывісты Саюза палякаў – планавалі зладзіць акцыю пратэсту каля будынку Кастрычніцкага РАУС, дзе месьціцца ізалятар, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў. Актывісты СПБ упэўненыя, што Ігара Банцара вызвалілі датэрмінова менавіта з мэтаю прадухіліць збор вялікай колькасьці людзей.
Банцар быў затрыманы 10 кастрычніка супрацоўнікамі міліцыі і абвінавачаны ў “нецэнзурнай лаянцы”. 11 кастрычніка Ленінскі раённы суд г.Горадні пакараў журналіста 10 суткамі адміністратыўнага арышту за дробнае хуліганства. На знак пратэсту яшчэ ў судзе Ігар Банцар абвесьціў галадоўку, якую працягваў 6 дзён - аж да вызваленьня.