Ігар Кулей: “З прозьвішчам Кулей лягчэй, чым з прозьвішчам Мілінкевіч”
Госьці «Начной Свабоды» — удзельнікі адукацыйнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага, сыны Іны Кулей і Аляксандра Мілінкевіча Ігар Кулей і Вітаўт Мілінкевіч.
Караткевіч: “Абодва мае суразмоўцы цяпер у Варшаве. Ігару 22 гады, Вітаўту 18 гадоў. Ігар, раскажыце, калі ласка, аб праграме Каліноўскага”.
Кулей: “Праграма імя Каліноўскага была створаная год таму для рэпрэсаванай моладзі – пасьля ўсім вядомых сакавіцкіх падзеяў. Гэтая праграма – вельмі добрая, часам адзіная магчымасьць атрымаць адукацыю для моладзі, якая з палітычных матываў была выключаная зь беларускіх ВНУ”.
Караткевіч: “Вы выбралі спэцыялізацыю “міжнародныя адносіны”. У праграме Каліноўскага ёсьць выбар ці проста разьмеркаваньне, куды хто ідзе?”
Кулей: “Ёсьць выбар, вядома. У мяне сытуацыя крышачку іншая, таму што я ўжо раней вучыўся ў Польшчы – у Ольштыне на паліталёгіі. А пасьля я проста зьмяніў кірунак – навучаюся цяпер у Варшаўскім унівэрсытэце на міжнародных адносінах.
Наконт выбару кірунку магу сказаць, што ўсе ўдзельнікі праграмы Каліноўскага мелі магчымасьць выбіраць з розных ВНУ Польшчы. Можна было паступіць, скажам, і на мэдыцыну”.
“Я не павінен абавязкова капіяваць бацьку – не абавязкова павінен пайсьці шляхам, якім ён ішоў”
Караткевіч: “Цяпер у мяне пытаньне да Вітаўта Мілінкевіча. Газэта “Наша ніва”, расказваючы аб працягу праграмы Кастуся Каліноўскага, напісала “Шляхам Вітаўта Мілінкевіча”. Чым, Вітаўт, адменны ваш шлях ад шляху вашага бацькі?”
Мілінкевіч: “У кожнага чалавека свой шлях. І мне нялёгка, няпроста вучыцца паліталёгіі на чужой мове. Але я вельмі хацеў бы атрымаць добрую адукацыю, а тады абавязкова вярнуцца ў Беларусь.
Я не павінен абавязкова капіяваць бацьку – не абавязкова павінен пайсьці шляхам, якім ён ішоў”.
Караткевіч: “А хацелася б быць падобным ці не?”
Мілінкевіч: “Хацелася б. Можа, атрымаецца. Я вельмі стараюся”.
“З прозьвішчам Кулей лягчэй часам у Беларусі, чым з прозьвішчам Мілінкевіч”
Караткевіч: “Цяпер у мяне пытаньне да Ігара. Ці часта прыходзіцца рэагаваць на тое, што вы сын вядомай грамадзкай дзяячкі і жонкі экс-кандыдата ў прэзыдэнты Іны Кулей, якая якраз адказвае за рэалізацыю праграмы імя Каліноўскага?”
Кулей: “Вельмі цікавая гісторыя здарылася з прозьвішчам Кулей.
Пасьля разгону намётавага лягеру 24 сакавіка, калі нас усіх арыштавалі, я сядзеў у Жодзінскім СІЗА. Мае сябры ў камэры толькі на пяты дзень зразумелі, што я сын Іны Кулей. Таму магу сказаць, што з прозьвішчам Кулей лягчэй часам у Беларусі, чым з прозьвішчам Мілінкевіч. Так што нейкага дыскамфорту ў сувязі з прозьвішчам не адчуваю.
З другога боку, калі цябе ведаюць, трэба сябе паводзіць адказьней, трэба быць прыкладам для іншых”.
“Я не ідэальны, але стараюся, каб бацьку не было сорамна за мяне”
Караткевіч: “Вітаўт, я памятаю гісторыю, калі вас як сына вядомага палітыка вырашылі дыскрэдытаваць Нагадайце нашым слухачом гэтую гісторыю.
Мілінкевіч: “А якая гэта гісторыя?”
Караткевіч: “Калі сказалі, што вы, сын Аляксандра Мілінкевіча, напіліся піва...”
Мілінкевіч: “Піва піць можна кожнаму чалавеку. А тое, што я там дэбашырыў, як было напісана, то гэта хлусьня. Калі твой бацька Мілінкевіч, то да цябе ўвага ў 10 разоў большая, чым да іншых. Я не ідэальны, але стараюся, каб бацьку не было сорамна за мяне”.
Караткевіч: “А што вам сказаў пасьля гэтай гісторыі бацька?”
Мілінкевіч: “Ён у мяне спытаўся, ці праўда гэта. Я адказаў, што гэта няпраўда...”
Караткевіч: “Дэбошу вы ў Варшаве не ўчынялі?”
Мілінкевіч: “Не, такога не было нічога”.
Кулей: “Яшчэ я хацеў бы дадаць, што пазьней, пасьля гэтай гісторыі, мы спэцыяльна яшчэ зьбіралі подпісы тых людзей, якія былі сьведкамі, і вахцёркі з нашага інтэрнату. Вахцёрка таксама пацьвердзіла, што ня бачыла Вітаўта ў нецьвярозым стане і што ён паводзіў сябе прыстойна.
Сапраўды, часам ствараюць штучны ціск – праз тое, што прозьвішча, напрыклад, Мілінкевіч або Кулей. Але тая гісторыя была надуманая – там не было так, як напісалі ў інтэрнэце”.
Караткевіч: “Надуманая гісторыя – гэта таксама палітыка. Ці неяк зьмяніўся ваш рэжым паводзінаў пасьля той гісторыі?”
Мілінкевіч: “Я як сябе паводзіў, так і паводжу. Нічога дрэннага не раблю”.
Караткевіч: “З выпадку сёньняшняй гутаркі мы падрыхтавалі ў Менску апытаньне пра тое, ці павінен быць у прэзыдэнта пераемнік”.
Кулей: “Калі размова ідзе аб пераемніку як чалавеку, які атрымлівае пасад па сваім бацьку, то я лічу, што гэта няправільна, таму што ў дэмакратычных краінах так, вядома ж, ня робіцца. Але лічу нармальным тое, што сын таксама некалі можа балятавацца на пасаду прэзыдэнта і станавіцца прэзыдэнтам. Паглядзіце, напрыклад, у Злучаных Штатах Амэрыкі яскравы прыклад”.
“Няма чаго крытыкаваць бацьку. Я яго вельмі люблю і не крытыкую”
Караткевіч: “Ці верыце вы ў рэалізацыю палітычных амбіцыяў вашага бацькі?”
Кулей: “Калі б ніхто ня верыў, то ніхто б і не падтрымліваў. Вядома, што верым”.
Караткевіч: “Вітаўт, а вы верыце ў бацькавы амбіцыі?”
Мілінкевіч: “Натуральна, веру. Я зь Ігарам поўнасьцю згодны. Няма тут чаго дабавіць”.
Караткевіч: “А вы бывалі, нягледзячы на свой малады ўзрост, крытычныя ў дачыненьні да бацькавых дзеяньняў у палітыцы?”
Мілінкевіч: “Напэўна, не, бо няма чаго крытыкаваць бацьку. Я яго вельмі люблю і не крытыкую. Я не спрачаюся з тым, што ён робіць. Я яшчэ малы”.
Кулей: “Я таксама лічу, што досьведу яшчэ мала, каб спрачацца адносна некаторых ягоных рашэньняў. У мяне бываюць часам да яго пытаньні, чаму так, а не інакш, але такога, каб крытыкаваць, з майго боку не было”.
“У часткі беларускай апазыцыі амбіцыі выйшлі на першы плян”
Караткевіч: “Абодва вы выбралі ў навучаньні палітыку: Ігар – міжнародныя адносіны, а Вітаўт – паліталёгію. Калі зьвярнуцца да сытуацыі ў дэмакратычных сілах Беларусі, да спрэчкі пра тое, ці павінен быць адзін лідэр у апазыцыі, то, як вы думаеце, чаму не ўдаецца дасягнуць паразуменьня?”
Кулей: “Кожны чалавек мае амбіцыі. Калі адысьці ад таго, што гэта мая сям`я, паглядзець збоку, то чаму мне падабаецца Аляксандар Уладзімеравіч? Ён заўсёды ідзе на кампраміс, заўсёды можа пайсьці на пагадненьне, весьці дыялёг.
Я лічу, што ў часткі беларускай апазыцыі амбіцыі выйшлі на першы плян і перамаглі канструктыўны пачатак”.
Караткевіч: “Хто, на вашую думку, у беларускай гісторыі знакавыя палітыкі?”
Кулей: “Я б найперш назваў Вітаўта – вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага. Вітаўт Мілінкевіч, дарэчы, мае імя сваё па гэтым князю. Князь Вітаўт атаясамліваецца ў мяне з моцнай беларускай дзяржавай”.
Караткевіч: “І Вітаўт таксама так думае?”
Мілінкевіч: “Можна так сказаць”.
Першае, што мы павінны захаваць, гэта мова
Караткевіч: “Вітаўт, калі браць ужо не палітыку, не паліталёгію, а культуру, што з сучаснай беларускай культуры вам найбольш блізкае?”
Мілінкевіч: “Першае, што мы павінны захаваць, што ў нас павінна застацца, гэта мова. Лукашэнка яе ўціскае. Я вельмі хачу, каб засталася мова. А зь літаратуры для мяне самыя блізкія творы Быкава”.
Караткевіч: “А што вы апошняе зь беларускай літаратуры прачыталі?”
Мілінкевіч: “Чытаю цяпер “Знак бяды” Васіля Быкава. Мне вельмі падабаецца. Бацька прывёз шматтомнік Быкава, і я цяпер гэта чытаю”.
Караткевіч: “Вітаўт, калі вы пачалі гаварыць па-беларуску?”
Мілінкевіч: “Зь дзяцінства. Я вучыўся ў апошняй у Горадні беларускамоўнай клясе. Прыехаў у Польшчу – цяжэй стала размаўляць па-беларуску: усё ў галаве пераблыталася. Але я стараюся тут размаўляць па-беларуску”.
Караткевіч: “А ёсьць там беларускамоўнае асяродзьдзе?”
Мілінкевіч: “Ёсьць, але ня вельмі вялікае”.
“З дапамогай Эўразьвязу можна хуткімі тэмпамі дагнаць аб’яднаную Эўропу”
Караткевіч: “У мяне пытаньне да Ігара – ён, паўтаруся, вывучае міжнародныя адносіны. На вашую думку, колькі спатрэбіцца ў Беларусі часу, каб адпрацаваць, адаптаваць эўрапейскія стандарты?”
Карней: “Гэта вельмі цяжкае пытаньне, таму што складана цяпер зразумець рэальнае становішча нашай эканомікі. Вельмі цяжка акрэсьліць, колькі гадоў спатрэбіцца.
Я думаю, пасьля таго, як адбудзецца зьмена палітычнага рэжыму, а тэмпы трансфармацыі будуць вельмі высокія: з дапамогай Эўразьвязу (тут маем прыклады і Польшчы, і Чэхіі) можна хуткімі крокамі дагнаць аб`яднаную Эўропу”.
“Усё сваю будучыню я бачу зьвязанай зь Беларусьсю”
Караткевіч: “Часта гучыць закід на адрас праграмы імя Каліноўскага: кажуць, што ўдзельнікі гэтай праграмы проста ня вернуцца ў Беларусь і ня будуць свае веды выкарыстоўваць у Беларусі. Што б вы адказалі на такі закід?”
Кулей: “Усё сваё жыцьцё, усю сваю будучыню я бачу зьвязанай зь Беларусьсю. Калі казаць канкрэтна пра маіх знаёмых, сяброў, я ведаю, што ўсе яны будуць вяртацца і ўсе будуць выкарыстоўваць веды на Бацькаўшчыне”.
Мілінкевіч: “Вядома ж, вярнуся дадому. Вельмі гэтага хачу, але цяпер не магу...
Імя Кастуся Каліноўскага давалася праграме авансам. Трэба спраўдзіць чаканьні. Калі мы атрымаем добрыя веды і будзе магчымасьць вярнуцца, большая частка, несумненна, вернецца”.
Караткевіч: “А якая ў вас праблема зь вяртаньнем?”
Мілінкевіч: “У мяне крымінальная справа ў Беларусі”.
Караткевіч: “За што? Чаму?”
Мілінкевіч: “Невядома чаму. Прыйшла паперка дадому, што заведзена справа. Можа, гэта зьвязана з арміяй, а можа, яшчэ з чым”.
Караткевіч: “Таму што вы ўхіляецеся ад вайсковага абавязку, так?”
Мілінкевіч: “Я не ўхіляўся. Я прыехаў сюды вучыцца адразу пасьля школы. Паступіў і вучуся”.
“Я веру ў беларускіх людзей”
Караткевіч: “На заканчэньне размовы традыцыйнае наша пытаньне: у што вы верыце?”
Кулей: “Я веру ў беларускіх людзей. Я веру, што некалі наш народ абудзіцца, зразумее, што быў у сьпячцы. Абудзіцца і зробіць тое, што належыць рабіць кожнаму сталаму народу”.
Мілінкевіч: “Веру ў справядлівасьць і свабоду, якая ўжо хутка будзе ў Беларусі. Веру ў добрых людзей. Веру ў сваіх сяброў – на сябрах усё трымаецца ў гэтым сьвеце”.
Вольга Караткевіч, радыё Свабода