Ігар Рынкевіч: Казуліна могуць вызваліць
Як паведамілі сёння былому адвакату палітвязня Аляксандра Казуліна Ігару Рынкевічу ў Вярхоўным судзе, нягледзячы на заканчэнне 19 траўня тэрміна дачы адказу на наглядныя скаргі адвакатаў па крымінальнай справе, ніводны з намеснікаў старшынь суду 21 траўня не падпісаў такі адказ.
У скаргах абаронцы экс-кандыдата ў прэзідэнты З.Гарачка і І.Рынкевіч патрабуюць ад старшыні Вярхоўнага суду В.Сукалы прынесці пратэст на прадмет адмены прысуду суду, касацыйнай пастановы калегіі Менгарсуда ў дачыненні А.Казуліна і спынення вытворчасці па справе за адсутнасцю ў яго дзеяннях складаў інкрымінаваных яму злачынстваў і яго вызвалення.
Па словах Ігара Рынкевіча, раніцай 21 траўня яму растлумачылі, што ў Вярхоўным судзе “не паспяваюць разгледзець справу, а з намеснікаў старшыні нікога ў судзе і зусім няма”.
Каментуючы сітуацыю, былы адвакат А.Казуліна адзначыў: “Думаю, што матэрыялы справы, яе сутнасць не з`яўляюцца складанымі для аб`ектыўнага вырашэння высокапрафесійнымі суддзямі Вярхоўнага суду, і суддзя-дакладчык мог ужо цалкам падрыхтаваць праект адказу для подпісу аднаго з намеснікаў старшыні суду В.Сукалы. Унутраны парадак у вышэйшай судовай інстанцыі дапускае падаўжэння тэрмінаў для разгляду справы і прынясення нагляднага пратэсту. Думаю, што такое падаўжэнне ў дачыненні крымінальнай справы супраць А.Казуліна выкліканае неабходнасцю пошуку ўладай “прыгожай формы” яго поўнага вызвалення”.