Ідэолягі і міліцыянты наведалі гарадзенскае Таварыства беларускае школы
Сёньня супрацоўнікі Гарадзенскага гарвыканкаму разам з прадстаўнікамі міліцыі наведалі Таварыства беларускае школы. Мэта візіту засталася незразумелай, бо ні чыноўнікі, ні міліцыянты яе не патлумачылі.
Намесьнік старшыні аддзела ідэалёгіі Гарадзенскага гарвыканкаму Аляксандар Коўш разам з міліцыянтамі Сяргеем Казлоўскім і Іванам Краўцэвічам, а таксама аператарам ў цывільным наведаліся ў памяшканьне грамадскага аб’яднаньня “Таварыства беларускае школы” з мэтай азнаямленьня з выставай, якая тут экспануецца. Супрацоўнікі праваахоўных органаў і чыноўнік-ідэоляг меркавалі ўбачыць выставу, прысьвечаную 10-годзьдзю гарадзенскай філіі незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Але ў памяшканьні ТБШ яны ўбачылі толькі карціны з мастацкага пленэра, прысьвечанага абароне Горадні ад руйнаваньня, які ў свой час быў зарганізаваны гарадзенскім рухам “За свабоду”.
Расчараваныя і разгубленыя міліцыянты доўга кансультаваліся па тэлефоне са сваім кіраўніцтвам, але ў выніку павінны былі пайсьці без аніякіх кампраматаў. Праз паўгадзіны яны вярнуліся ва ўзмоцненым складзе, але дзверы арганізацыі былі зачынены і здадзены пад сігналізацыю.
Паведамляе радыё Рацыя