Ізаляцыя актывістаў
У судзе Цэнтральнага раёну Менску сёньня судзілі сябру аргкамітэту ў справе правядзеньня "Эўрапейскага маршу" Зьмітра Бародку, праваабаронцу Сьвятлану Гарохавік і прадпрымальніка Леаніда Навіцкага на 15 сутак кожнага.
Леаніда Навіцкага, Змітра Бародку і Святлану Гарахавік затрымалі 1 кастрычніка, у 17.30 у раёне Менскага трактарнага завода. Два аўтамабілі, у якіх ехалі апазіцыянеры, спынілі супрацоўнікі ДАІ. Міліцыянты падселі ў машыны да затрыманых і адвезьлі іх у Цэнтральны РУУС г.Менска. Сёньня раніцай актывісты змаглі азнаёміцца з пратаколамі. У іх гаворыцца, што актывісты нібыта затрымліваліся на вуліцы Заслаўскай супрацоўнікамі палка міліцыі сьпецыяльнага прызначэньня . Апазіцыянеры нібыта распаўсюджвалі газэты, а на заўвагі амапаўцаў рэагавалі нецэнзурнай лаянкай. Але ў гэты час актывісты знаходзіліся ў зусім другім месцы – ля Менскага трактарнага завода, дзе іх і затрымалі!
Улады пайшлі традыцыйным шляхам, арыштоўваючы патэнцыйна актыўных грамадзянаў напярэдадні масавых акцый, беспадстаўна вінавацячы іх у "хуліганстве". Так было ў 2006 годзе напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, таксама адбывалася сёлета перад Днём Волі. Хлуслівыя сведчаньні сёньня ў судзе давалі камандзір узвода АМАПа Сяргей Немагай і шэраговы супрацоўнік АМАПа Аляксандр Круглікаў. Выракі вынесла Тацьцяна Паўлючук.
Нагадаем , што Леанід Навіцкі толькі што адбыў 10 сутак арышту. У яго дома падчас ператрусу канфіскавалі 96 сьцягоў Эўразьвязу, а таксама майкі й банданы сіняга колеру.