Ізноў КДБ і “каліноўцы”

kdb1.jpg

У Магілtве супрацоўнікі КДБ у чарговы раз зацікавіліся студэнтамі, што навучаюцца ў Польшчы па праграме імя Каліноўскага.

Гэтым разам супрацоўнік камітэту, што назваўся Аляксандрам, вырашыў завербаваць ужо былога студэнта. Маладзевы актывіст Аляксандар Паплыка ў апошнюю сэсію быў адлічаны з Познаньскага унівэрсітэту і мусіў вярнуцца ў Магілеў.

Большасьць пытаньняў да яго тычылася менавіта праграмы імя Каліноўскага і акцый, што ладзяцца беларускімі студэнтамі ў Польшчы. У выпадку адмовы ад супрацоўніцтва КДБіст пагражаў, што маці і бацька Паплыкі страцяць працу. Але ў выпадку згоды абяцаў дапамогу ў атрыманьні польскай візы.

Усяго адбылося каля 10 сустрэчаў, падчас якіх супрацоўнік спэцслужбы настойліва раіў хлопцу пазнаёміцца з маладзевай актывісткай Тацьцянай Буланавай ды праз яе ўступіць у “Малады фронт”. Даў нават нумар мабільнага тэлефона дзяўчыны. Акрамя таго, папрасіў папрысутнічаць і на сустрэчы Зьмітра Дашкевіча з магілеўскімі актывістамі.

На сустрэчы Аляксандар заўсёды прыязджаў на аўтамабілі Фольксваген Вента цёмна-сіняга колеру з дзяржнумарам 4282. Цікава, што на гэтым самым аўтамабілі прыязджаў і супрацоўнік, што называўся Аляксандрам Мядзьведзевым, калі спрабаваў схіліць да супрацоўніцтва саму Тацьцяну Буланаву.

Пасьля апошняй сустрэчы Аляксандр Паплыка вырашыў пра ўсё распавесьці журналістам. Па ягоных словах, пра кантакт з супрацоўнікам КДБ ведалі яго сябры ад самага пачатку.

 

Паводле Радыё Рацыя