Ілля Дабратвор: У сваёй краіне я вымушаны працаваць нелегальна

Актывіст Ілля Дабратвор распавёў сайту salidarnasc.org пра сваю грамадска-палітычную дзейнасць і звязаныя з ёй жыццёвыя складанасці, якія даводзіцца пераадольваць.


Я пачаў займацца апазіцыйнай дзейнасцю яшчэ са школы са сваімі сябрамі, хадзіў на мітынгі, распаўсюджваў улёткі, налепкі, “Народную Волю”. Быў заўсёдным наведнікам Управы БНФ. Шмат гадоў супрацоўнічаў з прадпрымальнікамі, з РЭПам. Будучы студэнтам у 2001 годзе актыўна падтрымліваў Міхаіла Марыніча ў якасці кандыдата ў прэзідэнты. Больш актыўна ўдзельнічаў у выбарчых кампаніях, пачынаючы з мясцовых выбарах 2003 года.

У 2006 годзе стаў сябрам Руху “За Свабоду”

Падчас пратэстаў супраць махінацый на выбарах у 2006-годзе рэгулярна начаваў на Кастрычніцкай плошчы, а ўдзень ішоў на працу. У тым жа годзе запісаўся ў Рух “За Свабоду”, які тады аб’яднаў тых, хто прагнуў пераменаў і гатовы быў за іх змагацца надалей.

Звальненне са школы

У 2007 годзе мяне звольнілі са школы, дзе я працаваў сацыяльным педагогам. Папрацаваў там толькі тры месяцы. Урэшце мяне прымусілі звольніцца па ўласным жаданні. Верагодна за тое, што я падпісваў ліст у Генпракуратуру па справе Аляксандра Казуліна, які ўжо сядзеў за кратамі. Гэта інфармацыя, выглядае на тое, дайшла да адміністрацыі школы.

Хочаш стаць дэпутатам? Атрымай праблемы!

Самы моцны ціск з боку ўладаў быў, калі я спрабаваў зарэгістравацца кандыдатам у дэпутаты на парламенцкіх выбарах ў 2008-м годзе ад “Еўрапейскай кааліцыі” Міколы Статкевіча шляхам збору подпісаў. У мяне тады спалілі аўтамабіль. Сябра ініцыятыўнай групы за тры дні да падачы подпісаў прымусілі знішчыць каля 300 подпісаў.

Другі раз мяне звольнілі, выціснулі з рынку “Свелта”. Не працягнулі арэнду дамовы. Усё зрабілі, каб я не ўвайшоў у Савет прадпрымальнікаў. Я вымушаны быў аддаць свой павільён. Чаму? Я распаўсюджваў літаратуру праз сваю кропку сярод гандляроў. Гэта каля 600 чалавек. Удзельнічаў у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў, канферэнцыях, стварэнні прафсаюза ў Віцебску (праўда, спроба не ўдалася).

На мясцовых выбарах 2010 году мяне пазбавілі статусу ІП, каб я быў пазначаны ў бюлетэні як “беспрацоўны”. Статус ІП удалося аднавіць толькі летась. Увогуле ў якасці кандыдата ўдзельнічаў у шасці кампаніях у мясцовыя саветы альбо парламент.

Звальненне з “Капш Тэлемацік Сервісіз”

Летась было звальненне з беларускага прадстаўніцтва аўстрыйскай кампаніі “Капш Тэлемацік Сервісіз”. Туды я ўладкаваўся ў мінулым годзе. Працаваў звычайным спецыялістам. Не хаваў сваіх поглядаў. Пасля адміністратыўнага арышту за маю індывідуальную акцыю з бел-чырвона-белым сцягам у метро, праз месяц працы, мяне звольнілі. Звольнілі мяне “за прагулы”, бо я не пагадзіўся звальняцца па згодзе бакоў.

Арышты за салідарнасць

Сёлета вырашылі ціснуць на мяне адміністратыўнымі арыштамі. У гэтым годзе мяне тройчы каралі адміністратыўным арыштам. Я адседзеў 10, 14 і 20 сутак. 

Першы раз я быў пакараны хутчэй за ўсё за плакаты і сцягі, якія былі размешчаны ў розных месцах Беларусі. Другі раз, я мяркую, прыйшлася не да спадобы суполка ў інтэрнэце “Хакейная каманда Акрэсціна”, магчыма за сцяг у Фаніпалі… Мы можам толькі гадаць пра сабпраўдную прычыну. Трэці раз мяне пакаралі за саколку з надпісам “Свабоду палітвязням!” на судзе над Юрыем Рубцовым, магчыма таксама за артыкул у падтрымку Паўла Вінаградава, дзе я шмат крытыкаваў міліцыю, магчыма за акцыю ў Барысаве.

Ціск на мясцовых выбарах 2014 года

Таксама “выпадкова” маё гандлёвае месца на рынку “Максіма” у Малінаўцы трапіла пад рэканструкцыю. Давялося яго аддаць. Шмат ціску было падчас выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы сёлета. Зарэгістравацца кандыдатам давялося праз суд. І колы рэзалі… магчыма з прычыны б-ч-б сімволікі.

Грамадскія кампаніі “Альтэрнатывы”

У складзе грамадскага аб’яднання “Альтэрнатыва”, з якой я супрацоўнічаю з канца мінулага году, мы праводзілі шмат кампаній. Пачынаючы ад непалітычных, калі мы дапамагалі дзіцячым дамам, да акцый салідарнасці з палітвязнямі, акцый па абароне нацыянальных каштоўнасцяў, мовы, рабілі гістарычныя вандроўкі. Хаця ў СМІ праходзіць інфармацыя ў асноўным пра нашыя арышты і пакаранні. Зразумела, што затрымліваюць не проста так. Караюць за дзейнасць, якая не падабаецца ўладам.

Дзяржава прымушае працаваць нелегальна

Апошнія часы я вымушаны ў сваёй краіне працаваць нелегальна. Дзяржава не дазваляе працаваць афіцыйна. З гэтым застаецца толькі змірыцца і чакаць, пакуль сітуацыя зменіцца. Выглядае юрыдычна бездакорна: “лаяўся матам”, “супраціўляўся міліцыі”, “прагуляў”. Але тое, што ты гэты час у РАУС сядзеў – нікога не цікавіць. У РАУС апраўдальных даведак не даюць.

Чаму важна не апускаць рукі і працягваць пісаць скаргі

Міліцыянты афармляюць мае затрыманні па артыкулах 17.1 (“дробнае хуліганства”) і 23.4 (“непадпарадкаванне міліцыі”) КоАП РБ. Па гэтых жа артыкулах судзяць і караюць арыштамі. Я зараз спрабую гэтыя выпадкі давесці да міжнародных інстанцый. Калі будзе прызнана на міжнародным узроўні, што гэтыя артыкулы выкарыстоўвае ўрад Беларусі для пакаранне за актыўную грамадзянскую пазіцыю, што гэта палітычны пераслед, можна спадзявацца, што такая ганебная практыка будзе прымяняцца радзей.

Бо зараз не толькі палітычны актывіст, але і звычайны грамадзянін не абаронены ні перад супрацоўнікамі сілавых структураў, ні перад чыноўнікамі. Пра гэта трэба пісаць, такія выпадкі трэба абскарджваць, нават калі будуць прыходзіць адпіскі. У выпадку адмоўных вынікаў пісаць можна ў міжнародныя структуры. І гэта дае плён з часам. Так дзейнасць праваабаронцаў па абскарджванні прывяла да таго, што зараз па артыкуле 23.34 КоАП (“несанкцыяванае мерапрыемства”) міліцыянты вельмі не любяць афармляць, бо ўсведамляюць, што за гэта прыйдзецца адказваць.


 

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку