Іна Кулей: Мы яшчэ да канца не ўсвядомілі тую ступень падзякі, якую беларусы павінны выказаць польскаму ўраду за праграму Каліноўскага

У гэтым годзе спыніла набор праграма імя Каліноўскага, якая існавала 10 гадоў. Пра будучыню беларускіх студэнтаў Беларускі дакументацыйны цэнтр задаў пытанні каардынатару праграмы, старшыні Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» Іне Кулей.

- Іна Феліксаўна, раскажыце, калі ласка, як нараджалася ідэя “Салідарнасці”? Як атрымалася знайсці сваю нішу ў прававой абароне насельніцтва, бо існавала ўжо такая буйная і вядомая арганізацыя як “Вясна”?

- Камітэт “Салідарнасць” нарадзіўся адразу пасля Плошчы 2006 года. Група бацькоў шукала сваіх дзяцей пасля разгону намётавага мястэчка, кідаліся ад спецпрыёмніка на Акрэсціна да жодзінскай турмы. Мы з Аляксандрам Мілінкевічам таксама шукалі сына Ігара, праз 3 дні знайшлі ў Жодзіна. За гэты час пазнаёміліся з валанцёрамі, якія фармавалі спісы і перадачы, сустракалі тых, хто ўжо выходзіў з-за кратаў, падтрымлівалі маральна родных. І мы самі сталі валанцёрамі. Вось з гэтай першай групы і пачалася Салідарнасць.

Пазней была абвешчаная Праграма Каліноўскага, і мы, ужо знаёмыя з самімі адлічанымі студэнтамі і іх бацькамі, аўтаматычна ўзялі на сябе адказнасць ўзаемадзеяння з Бюро Праграмы ў Польшчы і дапамогі ў падрыхтоўцы студэнтаў і іх дакументаў для ад'езду на вучобу. У якасці валанцёра, Камітэт Салідарнасць і застаўся беларускім партнёрам Праграмы Каліноўскага на ўсе 10 гадоў. Так адно з праваабарончых напрамкаў дзейнасці Камітэта з'явілася само сабой. Гэтая ніша была вольная. У партнёрстве з дзеючымі праваабарончымі арганізацыямі вызначыліся і іншыя напрамкі для эфектыўнай і ўсебаковай дапамогі рэпрэсаваным актывістам.

- Ці маеце Вы нейкую статыстыку, якой колькасці людзей вы змаглі дапамагчы за гэтыя гады?

- Так, маем. З першых дзён дзейнасці Камітэта Салідарнасць мы пачалі працу над Базай дадзеных. Не так даўно яна пераведзена ў фармат, які дазваляе рабіць любую неабходную выбарку. У Базе больш за 3000 чалавек, якім мы за час працы аказалі дапамогу.

- Праграма Каліноўскага стала сапраўдным акном у Еўропу для беларускай моладзі, што сутыкнулася з рэпрэсіямі пры атрыманні адукацыі ў Беларусі. Нядаўна гэтая праграма зачынілася. Ці ёсць нейкая выніковая адзнака: ці ўдалы гэта быў досвед?

- Мы яшчэ да канца не ўсвядомілі тую ступень падзякі, якую беларусы павінны выказаць Польскаму Ураду і канкрэтным людзям у Польшчы за Праграму Каліноўскага. За мінулыя 10 гадоў амаль 900 маладых беларусаў сталі стыпендыятамі гэтай праграмы. Яны вучыліся і працягваюць вучыцца па 196 спецыяльнасцях у больш чым 20-ці універсітэтах Польшчы. Выпускнікі Праграмы Каліноўскага - велізарны чалавечы капітал для будучыні нашай краіны.

- Дзесяткі маладых людзей атрымалі еўрапейскую адукацыю, ці ёсць нейкая статыстыка, колькі з іх вярнулася ў Беларусь, а колькі засталося ў Еўропе?

- Лік ідзе нават не на дзясяткі, а на сотні. Апытанні, якія мы рэгулярна праводзім, паказваюць, што больш за 50 працэнтаў выпускнікоў вяртаюцца ў Беларусь. Магчыма, камусьці гэта лічба падасца невысокай, пажадана, каб усе вярталіся. Але ідуць працэсы глабалізацыі, свет адкрыты, мабільны. Адлегласці, якія ўчора здаваліся недасягальнымі, сёння нікога не палохаюць. Таму пытанне стаіць інакш: у Беларусі ты ці па-за краінай - думай пра Беларусь, рабі для Беларусі. Асабліва гэта важна для «каліноўцаў».

- Ці запатрабаваныя ў сучаснай Беларусі людзі з еўрапейскай адукацыяй, ці яны знаходзяць працу, якая адпавядае іх ведам і, галоўнае, матэрыяльным запытам?

- Людзі з еўрапейскай адукацыяй запатрабаваныя там, дзе працадаўцы разумеюць каштоўнасць такіх спецыялістаў. Гэта прадпрыемствы з замежным капіталам, міжнародныя структуры, прыватны бізнес. Дзяржава пакуль слаба зацікаўлена ў маладых спецыялістах такога класа. Таму попыт ёсць, але ён яшчэ не адпавядае інтарэсам краіны і запытам выпускнікоў.

- Раскажыце, калі ласка, аб вашым новым праекце.

- Агенцтва «Твоё заўтра» - гэта амбіцыйны праект, накіраваны на павышэнне ўдзелу маладых спецыялістаў з еўрапейскай адукацыяй, выпускнікоў міжнародных адукацыйных праграм у эканамічным, сацыяльным, культурным і грамадскім жыцці краіны. Больш падрабязна пазнаёміцца з напрамкамі нашай дзейнасці можна на нашым сайце. Мы хочам прыцягнуць увагу дзяржаўных інстытутаў, бізнесу, грамадства ў цэлым да патэнцыялу гэтай досыць вялікай па колькасці мэтавай групе, якая валодае сучаснымі ведамі. Гэтая моладзь - будучыня нашай краіны, капітал, які каштоўней любых залатых запасаў. Маладым спецыялістам мы імкнемся даць шанец самарэалізацыі ў Беларусі - і ў пабудове паспяховай кар'еры, і ў сацыялізацыі. Агенцтва «Тваё заўтра» пачало сваю працу зусім нядаўна, але мы верым у поспех.

Паводле Беларускі дакументацыйнага цэнтр
 

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку