Іна Кулей пра Праграму Каліноўскага «Мы вярнуліся да таго, з чаго пачыналі»
Старшыня Камітэта дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасць» Іна Кулей, распавяла пра далейшы лёс праграмы Каліноўскага па дапамозе рэпрасаваным у Беларусі студэнтам.
Радыё Рацыя: Што зараз адбываецца з праграмай?
Іна Кулей: Зараз праграма адкрылася ў яе старым фармаце – толькі для беларускіх студэнтаў, якія былі адлічаны з навучальных устаноў. У ёй не змогуць прыняць удзел проста пацярпелыя актывісты альбо дзеці з рэпрасаваных сем’яў, як гэта было раней. Ужо адбыўся збор дакументаў, на сённяшні дзень мы маем 17 чалавек, якія пацвердзілі сваё жаданне навучацца па гэтай праграме. Аднак варта адзначыць, што дакументы ішлі не толькі ў Камітэт дапамогі рэпрасаваным, але адначасова ў польскую Амбасаду і яшчэ ў некаторыя іншыя структуры. Таму на гэтым этапе ідзе ўдакладненне кандыдатаў, а затым Праваабарончая рада павінна пацвердзіць права людзей прэтэндаваць на праграму. Адлічэнне з ВНУ павінна быць звязана з актыўнай дзейнасцю чалавека. А наступны крок — акадэмічная камісія, якая ў гэтым годзе будзе збірацца толькі ў Варшаве.
РР: Адным словам, праграму Каліноўскага скарацілі…
Іна Кулей: Яна зрабіла крок назад, вярнулася да свайго першапачатковага варыянта 2006 году.
РР: Увогуле, як вы ацэньваеце такое рэфармаванне?
Іна Кулей: Я хачу сказаць, што ёсць не толькі адлічаныя студэнты, але і тыя, хто прайшоў праз адміністрацыйныя і крымінальныя справы. Яны не маюць права прымаць удзел у праграме, але нам хацелася б, каб і гэтыя людзі маглі вучыцца, бо для іх у Беларусі могуць быць закрыты некаторыя спецыяльнасці, на якія патрэбна сумоўе. Па-другое, бывае, што ў гэтых людзей проста не хапае фінансаў, бо з-за актыўнай дзейнасці іх не бяруць на працу. Але гэта права польскага боку – вызначаць хто і як можа ўдзельнічаць у праграме Каліноўскага. А наша праваабарончае права – весці перамовы і ўсё-такі пашыраць магчымасці для беларусаў.
РР: З чым звязана рэфармаванне?
Іна Кулей: Польскі бок палічыў, што ў Беларусі знізілася колькасць рэпрэсій. Але гэта не зусім так, бо ў мінулым годзе таксама былі адлічаны студэнты, і яны тады засталіся без падтрымкі. Праўда, у гэтым годзе будуць мець права ўдзельнічаць у праграме.
Паводле Радыё Рацыя
Пакінуць новы каментар