Ірына Халіп: “Слова абуджае надзею”

Беларуская журналістка Ірына Халіп ўзнагароджана прэміяй імя Хермана Кестена (Hermann-Kesten-Preis), заснаванай нямецкім ПЭН-цэнтрам. Карэспандэнтка расійскай "Новай газеты" ў Мінску не змагла прыехаць на ўручэнне, паколькі знаходзіцца пад  падпіскай аб нявыездзе.

На цырымоніі ўзнагароджання ў Дармштадте прэзідэнт нямецкага ПЭН-цэнтра Ёхана Штрассер (Johano Strasser) назваў Ірыну Халіп "мужным змагаром за правы чалавека". Паводле яго слоў, прысуджэнне прэміі журналістцы - гэта "сігнал беларускай дэмакратычнай апазіцыі аб тым, што яна не забытая, што ўсюды на Зямлі ёсць людзі, якія падзяляюць яе каштоўнасці і падтрымліваюць яе барацьбу".

Беларуская журналістка пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў была затрыманая і правяла некалькі месяцаў у СІЗА КДБ, потым пад хатнім арыштам і  зараз асуджаная да 2 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на 2 гады. У адпаведнасці з прысудам, ёй забаронены выезд за межы краіны.


 
У сваім прывітальным пасланні, дасланым у Германію з нагоды прысуджэння ёй прэміі, Ірына Халіп напісала, што ў яе краіне хлусня стала дзяржаўнай ідэалогіяй. "А хлусня ненавідзіць свабоду і змагаецца з ёй усімі сродкамі", - цытуе агенцтва epd.


"Пісьменнікі павінны ведаць, як важныя іх словы для ахвяр дыктатараў. Патрэбнае слова абуджае надзею нават у безнадзейнай сітуацыі. Яно можа выратаваць чалавека, спыніць вайну і перамагчы карупцыю", - напісала Ірына Халіп.
 
Прэмія імя кіраўніка нямецкага ПЭН-цэнтра часоў нацыянал-сацыялізму Хермана Кестена ў памеры 10 тысяч еўра штогод ўручаецца літаратарам за выдатныя заслугі ў справе абароны правоў чалавека альбо тым, хто стаў ахвярай палітычных рэпрэсіяў. У 1995 годзе лаўрэатам гэтай узнагароды стаў нямецкі пісьменнік Гюнтэр Грас (Günter Grass), а ў 2003 годзе - супрацоўніца "Новай газеты" Ганна Паліткоўская. У апошнія гады прэміяй нямецкага ПЭН-цэнтра былі ўдастоены іспанскі следчы Бальтасар Гарсон (2009), кітайскі праваабаронца Лю Сяабо (2010) і егіпецкі публіцыст і выдавец Махамед Хашэмі (2011).


Ірына Халіп.
 
Нарадзілася і жыве ў Мінску. У 1989 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя У. І. Леніна.

• 1989-1990 - карэспандэнт беларускай моладзевай газеты «Чырвоная змена».
• 1990-1994 - карэспандэнт часопіса «Ветразь».
• У 1991 годзе стала фіналісткай конкурсу «Міс прэса СССР».
• 1993-1995 - карэспандэнт газеты «Савецкая Беларусь».
• 1995-1999 - карэспандэнт, затым галоўны рэдактарам газеты «Імя».
• 1999-2000 - намеснік галоўнага рэдактара «Белорусской деловой газеты».
• З 2000 года - кіраўнік аддзела спецпраектаў «Белорусской деловой газеты», да закрыцця выдання ў 2006 годзе. Адначасова з'яўляецца уласным карэспандэнтам расейскай «Новай газеты» ў Беларусі.
• Доўгі час супрацоўнічае з Радыё «Свабода».

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку