Іх яднае прага свабоды
29 траўня мінуў год з моманту працэсу над пяцьцю маладафронтаўцамі ў Савецкім судзьдзе г.Менску. Да гэтай падзеі была прымеркавана прэзэнтацыя кнігі “Прага вясны”. На сустрэчу на сядзібу БНФ сабраліся героі кнігі, якія летась атрымалі крымінальныя прысуды па палітычных матывах – навуковец Канстанцін Лукашоў, дэпутат Вярхоўнага савету 13 скліканьня Андрэй Клімаў, капітан другога рангу і праваабаронца Валеры Шчукін, маладафронтаўцы Артур Фінькевіч, Зьміцер Хведарук і Настасься Азарка і іншыя.
“Праз нас праходзіць вялікая колькасьць зьвестак пра грамадзкіх актывістаў, -зазначыў віцэ-прэзыдэнт “Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека” Алесь Бяляцкі. - За звычайнымі радкамі, нібы зводкамі з франтоў аб арыштах, затрыманьнях і судах стаяць яскравыя факты з біяграфіяў, жыцьцёвыя прыклады тых, хто ахвяруе ўласным спакоем дзеля ажыцьцяўленьня грамадзянскіх правоў беларусаў. Журналісты Сяржук Сыс, Генадзь Кеснэр, Зьміцер Панкавец і іншыя парупіліся запісаць іх аповеды і паказаць іх як асобаў. Сёньня героі кнігі расказалі аб сваіх далейшых жыцьцёвых шляхах. Укладальніца выданьня Алена Лапцёнак і іншыя аўтары падзяліліся сваімі ўражаньнямі. Кніга была выдадзеная па ініцыятыве Правабарончага цэнтру “Вясна”.