ІІІ Беларускі праваабарончы форум
26-27 кастрычніка ў Вільні прайшоў ІІІ Беларускі праваабарончы форум. Удзел у ім узялі праваабаронцы з Беларусі і краінаў рэгіёну, міжнародныя і замежныя праваабарончыя структуры, актывісты грамадскіх арганізацый, сваякі палітвязняў. Форум сабраў больш за 110 дэлегатаў з 25 арганізацыяў і ініцыятываў, якія маюць дачыненне да праваабарончай дзейнасці.
Гэты форум – першы, у якім не прымаў удзел Алесь Бяляцкі. Удзельнікі форуму вырашылі пакінуць пустое крэсла, адмыслова зарэзэрваванае для Алеся.
“Зняволення лідэра «Вясны» Алеся Бяляцкага— гэта ацэнка ўладамі яго праваабарончай дзейнасьці, выклік ўсёй праваабарончай супольнасьці Беларусі»,-- было падкрэслена на адкрыцці форуму.
Арганізатарамі форуму сталі такія вядомыя грамадскія арганізацыі краіны, як праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хэльсінскі камітэт, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскава, Камітэт “ Салідарнасьць”, Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі, Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) ды іншыя.
На форуме абмеркоўвалі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і рэгіёне, сумесна абмяркоўвалі адказы на выклікі, якія ставіць час перад праваабаронцамі, прапанавалі уладным структурам краіны і Эўропы рэкамэндацыі па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Асабліва было адзначана, што ўрад Беларусі не выконвае свае міжнародныя абавязальніцтвы, у тым ліку перад ААН і АБСЭ.
Галоўнымі вынікамі форуму стала прыняцце трох рэзалюцый. Гэта рэзалюцыя па агульнай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і рэкамэндацыі ўраду па яе паляпшэнні. Другой была прынятая заява аб захадах па вяртанні Беларусі да выканання міжнародных стандартаў у гэтай галіне. Таксама была прапанавана заява беларускіх праваабаронцаў да саміту Ўсходняга партнэрства, які ў хуткім часе адбудзецца ў Вільні.
Пакінуць новы каментар