“Адзін за ўсіх” і трое сутак (абнаўляецца)
Сёння ў цэнтры Мінска маладыя людзі, сярод якіх быў былы палітвязень Зміцер Дашкевіч, ладзілі збор подпісаў за перайменаванне плошчы Леніна і аднайменнай вуліцы. Арганізатары акцыі, пераважна актывісты зарэгістраванага ў Чэхіі “Маладога Фронту”, заклікалі мінчукоў звярнуць увагу на назвы гарадскіх вуліц, якія ўпераважнай большасці названыя ў гонар дзеячаў камуністычнай патрыі ці супрацоўнікаў НКУС.
У звароце актывісты “МФ” нагадваюць грамадзянам пра адну з самых злачынных акцыяў камуністаў і непасрэдна Леніна — тэрор супраць хрысціянскай царквы. Яны называюць Леніна адным з самых крывавых дыктатараў у гісторыі чалавецтва.
Актывісты стаялі каля “ГУМ”а. Да іх падыйшлі супрацоўнікі міліцыі і заклікалі разыйсціцся. Дашкевіч распусціў удзельнікаў акцыі і сам застаўся да канца весці збор подпісаў. Дашкевіча затрымалі і даствіла ў Цэнтральны РУУС г. Мінска. Там на палітыка быў складзены адміністратыўны пратакол за “непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі” і выправілі пад канвоем у суд.
- "Малады фронт" ладзіць кампанію па перайменаванні плошчы Ленінаі вяртанні аднайменнай вуліцы гістарычнай назвы - Францішканскай. Збор подпісаў пачаўся падчас Дзядоў. Сёння быў перадапошні дзень... Змітра затрымалі ля ГУМа ў Менску. Ён з паплечнікамі збіраў подпісы. Ім сказалі: ці разыходзьцеся ці мы вас забіраем. Зміцер адправіў астатніх і застаўся адзін за ўсіх". – пракаментавала “Салідарнасці” жонка палітыка, Наста Дашкевіч.
У дзяжурнай частцы жонцы затрыманага паведамілі, быццам Дашкевіча павезлі ў гарадскі суд на вул. Сямашка, з прычыны таго, што суд Цэнтральнага раёна знаходзіўся на рамноце. Але як толькі гэтую інфармацыю паспрабавалі спраўдзіць, апынулася, што супрацоўнікі міліцыі наўпрост уводзілі ў зман сабраўшыхся каля РУУС Цэнтральнага раёна. На дадзены момант Дашкевіча судзяць за ўсіх удзельнікаў збора подпісаў у судзе Цэнтральнага раёна. Судовае паседжанне адбывалася пад кіраўніцтвам ”вядомага” суддзі Есьмана, які прысудзіў лідэру "МФ" 3 сутак арышту.
Пакінуць новы каментар