“Вызваленьне прыйдзе, Алесь. І прыйдзе хутка “
Адкрыты ліст Міхася Скоблы да Алеся Бяляцкага
Дарагі Алесь!
Ужо трэці дзень ты глядзіш на сваіх блізкіх і сяброў з-за кратаў – з падканвойнай клеткі. Клетку нібы адмыслова для цябе пафарбавалі – яна таксама белая. Што ж, белы колер спрадаўна азначаў чысьціню, незаплямленую годнасьць. Нездарма і на сьцягу нашым пераважае бель, і краіна наша застаецца ці не адзінай у сьвеце, у чыёй назьве на першым месцы – белы колер.
З табой, белагаловым вязьнем у белай клетцы, выразна кантрастуе чалавек у чорнай мантыі. Ня ведаю, пра што ён думае, слухаючы – то па-беларуску, то па-расейску – пракурорска-адвакацкія пытаньні і паказаньні падсуднага ды сьведак. Невядома, якія зробіць высновы з усяго выслуханага і прынятага да ведама. Хочацца спадзявацца, што ў судовай залі ён насамрэч хоча дашукацца праўды і не глядзіць па вечарах БТ, якое ў любым падсудным апазыцыянэры апрыёры бачыць злачынца.
Добра, што і ты, Алесь, не глядзіш тое БТ. А вось мой сусед глядзіць. Не, ён таксама не аматар крывога тэлелюстэрка. Проста ён па прафэсіі лекар-псыхіятар і любіць паўтараць сваю каронную фразу: каб паставіць дыягназ уладзе, трэба ў падрабязнасьцях ведаць гісторыю яе хваробы.
Дык вось, паслухаў мой сусед некалькі бэтэшных рэпартажаў з суду над табой, спыніў мяне ў пад’езьдзе і кажа: «Гэтага Бяляцкага не судзіць трэба, а ўзнагароджваць ордэнам Скарыны! За папаўненьне дзяржаўнага бюджэту. Гэта ж колькі грошай чалавек змог выбіць для роднай краіны ў розных міжнародных арганізацыях! А куды яны ішлі? Пераважна на выплату мільённых штрафаў за ўдзел у розных несанкцыяваных акцыях. Значыць – у бюджэт. А зь бюджэту – на заробкі настаўнікам, на ўтрыманьне дзіцячых садкоў… Дык за што – судзіць?» – закончыў свой эмацыйны маналёг сусед. Вось такі атрымліваецца vox populi.
Дарагі Алесь, я ведаю асабіста дзясяткі людзей, якім дапамагла твая «Вясна». А ёсьць жа яшчэ сотні і тысячы, якія я ня ведаю. Летась марозным сьнежаньскім ранкам я бачыў тваіх паплечнікаў каля будынку КДБ – яны прывозілі пакоўныя торбы для перадачы затрыманым за Плошчу. Тады зьдзек чыніўся ня толькі ў сьледчым ізалятары КДБ, але і на абледзянелым ганку, калі за паўдня дзяжурны «не пасьпяваў» прыняць 12-15 перадачаў. Перадачаў тых чакалі арыштанты. Але мусіла чакаць і дзяржава, паколькі перадачы тыя дазвалялі эканоміць сродкі з таго ж дзяржбюджэту – атрымаўшы падмацунак з волі, вязень мог і не прэтэндаваць на турэмную пайку.
Дык за што дзяржава пасадзіла цябе ў жалезную клетку? Яна ж таксама мела з тваёй дзейнасьці пэўную карысьць.
Дарагі Алесь, мы знаёмыя ўжо дваццаць сем гадоў – з часоў Каралішчавіцкага сэмінару маладых літаратараў. І за ўвесь гэты час я ні разу не ўсумніўся ў тваёй сумленнасьці, у тваёй шчырай беларускай душы. У любой беларускай справе (а не беларускімі ты не займаўся) ты быў адначасова стырном і рухавіком, зацікаўліваючы і перацягваючы на свой бок усіх тых, хто аказваўся побач.
Так адбывалася і тады, калі разам з аднадумцамі ты распальваў першы беларускі нефармальны агмень – слынную «Майстроўню» і самвыдатаўскі часопіс «Бурачок», які паставіў на вушы ўсю прыдрамалую ад недахопу працы «кантору глыбокага бурэньня».
І тады, калі супольна з аднаверцамі засноўваў беларускі хрысьціянскі друк – часопісы «Хрысьціянская думка» і «Вера».
І тады, калі ствараў Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» ды заслужана старшыняваў у ім. Да гэтай энэргічнай суполкі належалі каля паўсотні маладых творцаў з усёй Беларусі, у тым ліку і аўтар гэтых радкоў. Аб’ектыўная гісторыя «Тутэйшых» яшчэ будзе адноўленая і ўпішацца ў гісторыю агульнанацыянальную – я ў гэтым перакананы.
Ты, Алесь, быў стырном і рухавіком і тады, калі ўзначаліў Літаратурны музэй Максіма Багдановіча, які за тваім дырэктарствам ператварыўся ў адзін са сталічных культурных цэнтраў.
І тады, калі ўвайшоў у аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту, які ўскалыхнуў усю Беларусь і пазначыў перад ёю шлях да незалежнасьці.
І тады, калі стаў дэпутатам Менскага гарсавету, які ня толькі першым сярод дзяржустановаў узьняў над сваім фасадам бел-чырвона-белы сьцяг, але і зацьвердзіў беларускамоўныя правілы для мэтрапалітэну, якія і сёньня можна пабачыць у кожным вагоне.
Твой безадмоўны рухавік і надзейнае стырно прыдаліся і для новастворанага праваабарончага цэнтру «Вясна», які, нягледзячы на няспынны перасьлед уладаў, існуе ўжо больш за пятнаццаць гадоў…
Калі прызнацца, Алесь, дык мяне заўсёды зьдзіўляла – як цябе на ўсё хапае: на грамадзкія справы, на літаратурную творчасьць, на сям’ю. Пішучы гэтыя радкі, я кідаю вокам на паліцу, дзе стаяць твае і падрыхтаваныя табой кнігі – «Літаратура і нацыя», «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «У капцюрох ГПУ» Францішка Аляхновіча, «З роднага загону» Андрэя Зязюлі, «Сны на чужыне» Янкі Юхнаўца, «Алаіза» Анатоля Сыса…
Ты ўсё, за што ні браўся, рабіў грунтоўна, ня похапкам. Здавалася б, факсымільнае перавыданьне таго ж Зязюлі не патрабавала аніякіх дадатковых вымогаў – бяры і друкуй. Каб малітоўна-змагарнае слова паэта-ксяндза дайшло да чытача. Як там сказана ў яго хрэстаматыйным вершы «Ніколі»? «Над гонар і славу, над чары каханьня / – народную справу і перакананьне, / што розум дыктуе, заўсёды я волю – / ня здраджу ніколі». Але ў табе, Алесь, заўсёды жыла дасьледчыцкая жылка. І ты паехаў у гарадок Сянно, знайшоў старыя могілкі і там, сярод збуцьвелых крыжоў і пахіленых агароджаў, адшукаў забытую магілу паэта, пахаванага ў далёкім 1921 годзе. І знаходка твая была раўназначная адкрыцьцю. Той, хто займаўся падобнымі пошукамі на старых кладах, мяне зразумее.
Дарагі Алесь, ты ведаеш гісторыю беларускай літаратуры лепш за мяне. Таму я ня буду пералічваць тут прозьвішчы пісьменьнікаў, якія прайшлі праз камэры тае самае турмы, у якой сёньня знаходзісься ты. Але адно прозьвішча я ўсё ж назаву – Ларыса Геніюш. У 1949 годзе да яе на начныя допыты прыходзіў сам міністар дзяржбясьпекі Цанава (Лаўрэнцій ІІ паводле чэкісцкіх сьвятцаў), патрабаваў ад паэткі зьвестак пра архівы БНР. Ён выходзіў з сябе, пырскаў сьлінай, пагражаў расправай, але ў адказ пачуў: «Вы ж міністар на Беларусі, дык гаварэце, як тут належыць, па-беларуску!». І грозны генацвале, нічога не дамогшыся, мусіў адступіць.
Я ўспомніў пра гэта, Алесь, калі пачуў пра падобныя моўныя праблемы ў тым самым судзе, дзе цябе, як тэрарыста, пасадзілі ў клетку. Прыйшоў дахаты і перачытаў лісты Ларысы Геніюш да Міколы Ермаловіча, якія ён калісьці мне падараваў. У лісьце ад 17 лютага 1971 году паэтка пісала свайму сябру-гісторыку:
normal"> «Усе суды, усе прыгаворы пачынаючы ад Кастуся Каліноўскага і яшчэ да яго мы чулі і чуем толькі на іх мове! Хлебам не кармі, а «прыемнасьць» судзіць, асуджаць па-расейску пакінь! І нам прыгавор у Менску гучаў на іх мове, і гэта спадзе няхай на іх голавы! Мне толькі злосьць, што нехрысты карыстаюцца маім імем як пудзілам. Прытым выдумваюць ня горай самога Гэбэльса. А чаго толькі ні чаўпуць у мой адрас? «Хай пойдзе за імі суровы праклён / зь мёртвых устаўшага Краю. / Бродзіць жа сьветам да сяньняшніх дзён, / імя страшнае – Каін...»
Столькі гадоў мінула, а беларусы ўсё яшчэ жывуць у тым Каінавым братэрстве, і ўсё хочацца ім тых падступных братніх абдымкаў, якія аднойчы ўжо прывялі да трагедыі…
Дарагі Алесь, калі я бачу, як на тваіх руках ахоўнікі дэманстратыўна замыкаюць кайданкі, мне прыгадваецца, як аднойчы нас з Эдуардам Акуліным, Лявонам Баршчэўскім і Антанінай Хатэнкай павязалі ў парку Горкага. Мы там пасьля пісьменьніцкага зьезду вершы чыталі і не падпарадкаваліся міліцэйскаму загаду замаўчаць і стаць на зважай. Мне тады ўпершыню ў жыцьці надзелі кайданкі. Праз дзьве гадзіны зьнялі і адпусьцілі, але запясьці яшчэ доўга балелі. Ня ведаю, якой канфігурацыі кайданкі выкарыстоўваліся ў старажытнай Грэцыі, але меў рацыю Сакрат, па-філязофску зацеміўшы: «Кайданкі варта панасіць хоць бы для таго, каб потым на поўную моц адчуць радасьць вызваленьня».
Вызваленьне прыйдзе, Алесь. І прыйдзе хутка. Ты ж не забыўся, што ў сьнежні мы плянавалі адзначыць 25-годзьдзе «Тутэйшых»?
Дарэчы, 29 кастрычніка адбылося чарговае паэтычнае сьвята ў Гарошкаве – на радзіме нашага незабыўнага «тутэйшаўца» Анатоля Сыса. На падворку ягонай ужо ператворанай у музэй хаты гучалі вершы, песьні, успаміны. Гучаў і твой улюбёны сысоўскі верш: «У гэтай краіне ня маю я волі, / вось воблака – сяду і ў сьвет палячу…». Мабыць, ты яго часта згадваеш у турэмнай камэры. Пры цяпельцы паэзіі добра пагрэцца душой. А яго можна раскласьці дзе заўгодна, не патрэбныя ні дровы, ні запалкі – толькі памяць.
Трымайся, Алесь. Мы чакаем цябе на свабодзе.
Паводле Радыё Свабода
Пакінуць новы каментар