“Дэпутаты” і “краты”
Іван Амельчанка, аўтар плаката “Мусарок” напярэдадні сёлетней парламенцкай выбарчай кампаніі абвесціў пра “свой намер балатавацца ў дэпутаты”. Гэтай падзее хлопец прысвяціў адмысловую жартаўлівую прэсавую канфэрэнцыю разам са сваімі паплечнікамі. Амельчанка зазначыў, што іхняя “кампанія“- добрая нагода, каб “паказаць людзям абсурднасць выбарчага працэсу ў сучаснай Беларусі”.
Спецслужбоўцы не ацанілі пачуццё гумару актывіста. Відаць, словаспалучэнне “дэпутаты і краты”нейкім неверагодным чынам рыфмуюцца ў галавах нашых сілавікоў. Яны вырашылі, што лепш “прэвентыўна” затрымаць хлопца - на ўселякі выпадак .
Амельчанка “традыцыйна” быў абвінавачаны ў лаянцы матам і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання на завулку Акрэсціна.
У той самы час быў затрыманы і шэраг актывістаў “Маладога Фронту”.
Рамана Пратасевіча, Уладзіміра Яроменка і Рамана Васільева таксама абвінавацілі ў лаянцы матам. Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі Савецкага раёну здолелі пачуць, як лаяўся Пратасевіч, які ляжаў у ложку сваёй кватэры ажно ў Першамайскім раёне.
Праваабаронцу Касю Галіцкую, якая прыехала падтрымаць арыштаваных сяброў у суд, выкралі наўпрост з судовага будынку. Высветлілася, што і дзяўчына “таксама лаялася матам”. За што атрымала 10 сутак арышту.
Кася і раней трымала несправядлівыя суткавыя арышты на Акрэсціна за падтрымку сяброў з “Маладога Фронта ” і “ Маладой Беларусі”. Кацярына - дзяўчына з прыгожымі блакітнымі вачыма - была адной з удзельніц улюбёнай акцыі моладзі на дзень Святога Валянціна – анёльчыкам з сардэчкамі і бянгальскімі ліхтарыкамі.
Напрацягу 2006 – 2010 гадоў маладую праваабаронцу Касю Галіцкую двойчы звальнялі з працы, як перакладчыцу з замежных моваў.
Пакінуць новы каментар