“Салідарнасць” прэзентуе сайт “Тваё заўтра” і праект відэакансультацый

Паводле распрацоўшчыкаў, Сайт “Тваё заўтра” yourtomorrow.by закліканы стаць дапаможнікам для выпускнікоў ВНУ ў пошуках працы, а інтэрнэт-відэакансультацыі дапамогуць рэпрэсаваным адстойваць свае правы.

Арыентаваны сайт “Тваё заўтра” найперш на тых, хто атрымаў адукацыю за мяжой, але ім могуць скарыстацца і выпускнікі беларускіх вышэйшых навучальных устаноў. Сайт таксама адкрыты для працадаўцаў. Яны, пасля нескладанай рэгістрацыі на сайце могуць азнаёміцца з базай рэзюмэ і прапанаваць свае вакансіі.

Cёння, паводле сцверджання каардынатара праекта Наталлі Літвіненкі, больш за 18 000 беларусаў атрымалі або атрымліваюць адукацыю за мяжой. У гэтую лічбу ўваходзяць выпускнікі не толькі еўрапейскіх, але і азіяцкіх ВНУ.

Паводле экспертаў, у сувязі з тым што летась Беларусь прынялі ў Балонскі працэс, колькасць студэнтаў і аспірантаў, якія будуць атрымліваць адукацыю за мяжой, працягне расці. Адпаведна попыт на паслугу, якую прапануе сайт yourtomorrow.by, будзе павялічвацца. Ці здолее сайт задаволіць гэты попыт, пакажа час.

“Апытанні паказваюць, што больш за 50 працэнтаў з цяперашніх выпускнікоў хацелі б вярнуцца на радзіму. У часткі з іх есць жаданне пачаць сваю справу, другія мараць зрабіць кар'еру на паспяховым прадпрыемстве. Але выпускнікі разумеюць, што нягледзячы на навыкі і досвед, яны доўгі час былі адарваныя ад беларускіх рэалій і ня ведаюць, якія магчымасці ёсць для іх на Радзіме”, - адзначаюць стваральнікі новага інтэрнэт-рэсурса.

Сайт “Тваё заўтра” накіраваны на стварэнне супольнасці маладых спецыялістаў гатовых працаваць для Беларусі. Як адзначылі стваральнікі yourtomorrow.by, яны імкнуцца наладзіць навуковыя, экспертныя, культурныя і арганізацыйныя сувязі паміж беларускай акадэмічнай дыяспарай і Беларуссю.

У той жа дзень Камітэт “Салідарнасць” прэзентаваў праект Відэакансультацый для грамадскіх актывістаў.

Каардынатар праекта Людміла Ісакава адзначыла, што людзі якія падпадаюць пад яўныя ці прыхаваныя рэпрэсіі, часта не маюць дакладнага ўяўлення аб механізмах абараны сваіх правоў. Праект відэакансультацый мае на мэце наблізіць міжнародныя стандарты і адпаведныя механізмы іх абароны да рэальных праблем беларускіх грамадзян, садзейнічаць фармаванню прававой свядомасці грамадскіх актывістаў.

Калі коратка, відэакансультацыі складаюцца з трох частак: відэасведчанне парушэння правоў на прыкладзе канкрэтнага чалавека, уласна відэкансультацыя з удзелам юрыстаў і экспертаў і пакет дапаможных дакументаў.

Першыя тры відэакансультацыі на тэму парушэння працоўных адносінаў, прымусовага размеркавання, узаемадзеяння з прафсаюзамі ўжо размешчаныя на сайце http://salidarnasc.org/toknow, а таксама на старонцы арганізацыі ў Facebook.

Відэакансультацыі ў дапамогу грамадскім актывістам да канца года ахопяць наступныя тэмы:

  • паўсюдныя парушэнні працоўных адносін (эксперты А.Еськова і С. Антусевіч -Кангрэс незалежных дэмакратычных прафсаюзаў);
  • абмежаванні акадэмічных свабод студэнтаў і выкладчыкаў(эксперты Ў. Дунаеў, А. Граблеўскі - Грамадскі Балонскі камітэт, К. Мурашова - Братэрства арганізатараў студэнцкага самактравання , І. Мурашка - Студэнцкая Рада );
  • парушэнні правоў грамадзян на рэгістрацыю ініцыятыўных груп і аб’яднанняў (эксперты В. Смалянка – Офіс прававой трансфармацыі і Ю.Чавусаў - Асамблеяй няўрадавых арганізацый );
  • ігнараванне правоў працоўных, якія атрымалі траўму на вытворчасці (эксперты Г. Федыніч і Л. Судаленка – прафсаюз РЭП);
  • адміністрацыйны пераслед журналістаў незалежных СМІ(эксперты Б. Гарэцкі і М. Янчук - БАЖ);
  • вяртанне да практыцы “палітычнага прызыву” у войска(эксперты П. Сапелка -ПЦ”Вясна” і В. Каратыш);
  • перашкоды ў стварэнні беларускамоўных класаў у сярэдніх школах (эксперты І. Кузмініч, А. Астроўскі,В. Вячорка, Т. Мацкевіч - ТБШ).

Паводле Новы час

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку