“У кабінэце начальніка вісеў значак “За Свабоду!”, і ён жа пасля майго арышту прапанаваў звольніцца па ўласным жаданні”

Адзін з заснавальнікаў ГА “Альтэрнатыва” Алег Корбан у гутарцы з карэспандэнтам сайта salidarnasc.org распавядае пра асаблівасці актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасці ў Беларусі.

− Падзяліцеся досведам Вашага працаўладкавання, калі ласка.

− Я пайшоў працаваць у мінулым годзе напрыканцы верасня. Задумаўся, пра тое, што патрэбна афіцыйная праца, якая б пакідала час і для грамадска-палітычнай дзейнасці.
Адкрыў інтэрнэт: першая абвестка, што знайшоў, была вакансія ахоўніка. Добры графік. Праца суткі праз тры дні адпачынку. На месяц атрымліваецца 7 сутак. Я пазваніў. Мяне запрасілі на размову. Там я запоўніў анкету.

Былі і дужа цікавыя пытанні. Напрыклад, “Ці ўдзельнічае Вы ў якіх-небудзь грамадска альбо палітычных арганізацыях?”, “Ці з’яўляецеся Вы сябрам прасаюза?”, “Ці праходзілі па крымінальных альбо адмінсправах? “Ці былі сведкамі ў якіх справах? Я паўсюль пазначыў “Не”, “Ня быў”, “Не з’яўляўся”. Дадаў, што скончыў вышэйшую адукацыю ў Кіеве на псіхолага. Праз тыдзень мне патэлефанавалі і прапанавалі папрацаваць. Праз некаторы час аформілі афіцыйна.

Гэта быў вялікі лагістычны цэнтр у Шабанах “Тут і Там лагістыкс”. Яны звозяць на склады тавар з Расіі, Украіны, некаторых беларускіх гарадоў. Потым адтуль тавары (піва, ежа, бытавая хімія) развозяцца па крамах Беларусі. Задача – ахоўваць склады, працаваць на прахадной, даглядаць людзей, адсочваць перыядычна відэаназіранне.

Праца падабалася, пытанняў не было. Працаваў з 8 да 8 раніцы наступнага дня. Ноччу можна было 3-4 гадзінкі адпачыць. Галоўны мой кіраўнік быў гэта начальнік змены. Курыраваў 3-4 чалавекі.

− Але ж праз некалькі месяцаў Вам давялося сысці. Распавядзіце, чаму?

− Прапрацаваў агулам каля 9 месяцаў. Радыкальных вулічных падзей тады збольшага не было. Я займаўся грамадскай дзейнасцю ў межах ГА “Альтэрнатыва”. Асаблівага пераследу супраць мяне не было. Але напярэдадні афіцыйнага Дня незалежнасці 3 ліпеня мы з нашай грамадою вывесілі расцяжку “За незалежную Беларусь!” Праз некалькі дзён да мяне дамоў прыехалі супрацоўнікі міліцыі, абвінавацілі мяне ў лаянцы. Суд пакараў мяне 10 суткамі адміністратыўнага арышту. Я прапусціў некалькі працоўных дзён.

Пасля адсідкі патэлефанаваў начальніку службы аховы. Раней, падчас размоваў з ім пра Ўкраіну, пра сітуацыю ў Беларусі ў мяне склалася ўражанне, што гэта чалавек дэмакратычных поглядаў. На яго працоўным месцы нават вісіць значак “За Свабоду!” Ён мне кажа са спачуваннем: “Што ж ты нам не распавёў, што ты займаешся такой дзейнасцю?” Я ў адказ: “Калі б распавёў, то можа і не працаваў бы ў Вас ад пачатку. Усё ж Вы не самы галоўны”. Потым ён мне прапанаваў напісаць заяву на звальненне па ўласным жаданні. Звольнілі па згодзе бакоў вельмі хутка, у лічаныя дні…

− Як вас высачылі міліцыянты, як даведаліся, што Вы павесілі расцяжку “За незалежную Беларусь!”?

− Мы заявілі ў СМІ, што расцяжка вывешана сябрамі “Альтэрнатывы”. Магчыма, адсачылі тэлефанаванні па мабільных тэлефонах, а мо проста звярнулі ўвагу на ключавых фігураў арганізацыі і вырашылі іх дэманстратыўна пакараць.

− Чаму на тваю думку улады так жорстка адрэагавалі? Лозунг за незалежнасць нібыта не супярэчыць дзяржаўнай ідэалогіі?

− Усё залежыць ад таго, які ў гэты лозунг укладаць сэнс. Якой бачым МЫ і бачаць ЯНЫ незалежную Беларусь. Партнёрсва-сяброўства з братняю Руссю і арыентацыя на “лепшыя традыцыі” СССР, альбо сяброўства з Аб’яднанай Еўропай. Улады баяцца любой некантраляванай актыўнасці і ініцыятывы і імкнуцца падавіць гэта ў зародку. Бо сёння гэта супадае з ідэалогіяй, а заўтра выйдзе Майдан.

− Фармальна пакаралі за лаянку. Даведку з Акрэсціна далі. Як здагадаліся на працы пра рэальную прычыну арышту?

− Усе чытаюць інтэрнэт. Яны адразу зразумелі ў чым прычына, вельмі здзівіліся і пачалі шукаць мне замену. Кіраўніцтва нібыта ставіцца лаяльна і з разуменнем, але перастрахоўваецца, каб самім не пацярпець. Гэта вельмі буйная фірма, там круцяцца вялізныя грошы і кіраўніцтва панічна баіцца непаразуменняў з уладамі. Ды сам кіраўнік аховы працуе па найме. Яго самога могуць звольніць. А заробкі там большыя за сярэдні па Мінску.

− Чым думаеш далей займацца?

− Буду рабіць акцэнт на грамадскую дзейнасць. У планах працяг дабрачынных сацыяльных акцый у дзіцячых дамах, кропкавыя акцыі ў Мінскай вобласці, дзе недапрацоўваюць улады, беларуская справа.

Працягнем таксама кампанію “За незалежную Беларусь”, сутнасць якой у папулярызацыі нацыянальных каштоўнасцяў, сімволікі, арнаментаў. Будзем тлумачыць людзям, чаму нам не патрэбныя расійскія базы, чаму важныя нейтралітэт, незалежнасць. Збіраемся ладзіць сустрэчы з вядомымі прадстаўнікамі нацыянальнай інтэлігенцыі, палітыкамі. Працягнем паездкі па гістарычных мясцінах Беларусі.

Зараз як ніколі важная культурная, асветніцкая, вулічная праца (пікеты, флэшмобы)
Неабходна давесці да людзей абсурднасць палітыкі ўладаў, хібнасць афіцыйнай прапаганды, актуалізаваць у публічнай прасторы тэмы, пра якія кажуць выключна на кухнях. Дзеля гэтага не шкада і пацярпець і ад адміністрацыйнага пераследу.

Сёння вялікая праблема, што апазіцыя страчвае вуліцу. Без вуліцы пры сённяшнім аўтарытарызме апазіцыі ўвогуле не будзе. Мы мусім гэтым займацца. Поўная няяснасць з прэзідэнцкімі выбарамі, але неяк выкарыстаць гэтую кампанію для працы з людзьмі вельмі важна.

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку