“У міліцыю забіралі не толькі акцёраў, але і ўсіх гледачоў”

Рэжысёр беларускага Свабоднага тэатра Уладзімір Шчэрбань распавёў “Нашай Ніве” пра тое, чым адрозніваецца Англія ад Беларусі, а сучасны тэатр — ад наменклатурнага. Прапануем фрагмент гутаркі.

– Віншуем вас са святам! Адразу хочацца спытаць: у чым сэнс жыцця, нарэшце зразумелі ў 40 гадоў?

– Дзякуй за віншаванні. Я вельмі рады, што дацягнуў да гэтай даты. А сэнс жыцця вельмі просты: жыццё – гэта цуд. І ўвесь сэнс – лепш жыць, чым не жыць.

– Крызіс сярэдняга ўзросту?

– Так шмат спраў, што не да крызісаў. Да таго ж, я ўсё жыццё чакаў, калі ж мне нарэшце споўніцца сорак. Гэта залатая сярэдзіна, калі ты ўжо валодаеш сваёй хіміяй, сваімі гармонамі. Бо ў маладосці хутчэй гармоны валодаюць табой. І цяпер я, можна сказаць, дасягнуў узросту сваёй мары.

– Мары? Планы?

– Я стараюся асабліва не планаваць. Я жыву сённяшнім днём, і зрабіць максімум у гэты дзень. Галоўная мудрасць узросту – разумееш, што ўсё вельмі адносна: поспехі, правалы. Ёсць вопыт, і гэта галоўнае. Такі вопыт, які ён ёсць. Яшчэ для мяне важна, што я раблю тое, што мне падабаецца.

Шмат хто ў свае сорак гадоў жыве зусім не так, як хацелася б. Я ж займаюся той справай, якую люблю, вакол мяне людзі, якія мне падабаюцца ці хаця б не раздражняюць (смяецца). Напэўна, гэта і ёсць пэўнае дасягненне.

– Гледзячы па ўсім, вы даўно ўжо акліматызаваліся /у Англіі – рэд./. А тады, ў 2011, рашэнне застацца за мяжой далося цяжка?

– Пачалося з 2010 года, гэта быў цяжкі год для ўсіх нас, для Тэатра. Да нас даходзіла розная інфармацыя аб тым, што нас чакае дома. А самі мы на той час імкнуліся прыцягнуць як мага больш увагі да Беларусі, то бок, акрамя тэатральнай працы, займаліся яшчэ і грамадскай. І нашыя сябры, якіх у Беларусі затрымлівалі, гаварылі, што ў іх цікавіліся пра Свабодны тэатр. Таму мы вырашылі ўзяць такі тайм-аут.

У мяне ў Беларусі засталася сястра і пляменніца. Я не магу сказаць, што я вось «з’ехаў, і ўсё», назаўжды. Але прыеду я, толькі калі гарантуюць бяспеку. Мы не Жанны Д’Арк. Трэба зразумець, дзе і што ты можаш зрабіць, ахвяраваць сабой проста так – глупства.
Я спадзяюся, што пройдзе час, і ўсё зменіцца.

Прычым я хачу адзначыць, я не адчуваю, што ў маім жыцці нешта змянілася так ужо глабальна пасля маёй «эміграцыі». Раней я шмат часу быў на гастролях – і сёння таксама. А дзе жыць, у Беларусі, у Англіі ці дзесьці яшчэ, будзе відаць.

Наша галоўная мэта – мець магчымасць іграць у Беларусі, бо хто нас яшчэ так добра зразумее, як беларускія гледачы? Ніхто. І хацелася б мець там свой тэатр, сваю пляцоўку, але нам не дазваляюць.

Прычым цяпер мы маем столькі рэсурсаў, сувязей, столькі знаёмых, што ператварылі б Мінск у сапраўдную еўрапейскую тэатральную сталіцу. Пытанне ў тым, як зрабіць гэта афіцыйна.

– А што перашкаджае? Улада?

– Прыходзьце на нашы спектаклі, і адразу будзе зразумела, што перашкаджае. У 2008 годзе ў міліцыю забіралі не толькі актораў, але і ўсіх гледачоў, нават з дзецьмі. Перапісвалі дадзеныя, пастаянна зрывалі спектаклі. Хіба не зразумела, хто гэта рабіў?

– Ці можа тэатр існаваць увогуле без падтрымкі ўлады, міністэрства культуры? Ці атрымліваецца, што не?

– Культура – гэта бібліятэка, дом культуры ў вёсцы, падборка кніг. А мастацтва – іншая рэч, гэта несвядомы шлях пазнання жыцця. Гэта тая ж навука, толькі эмацыйным метадам. І улада не можа дыктаваць мастацтву, якім яно павінна быць.

Безумоўна, вельмі добра, калі дзяржава падтрымлівае творцаў, але ў гэтай падтрымцы не павінна быць ідэалогіі. Палітычныя лады прыходзяць і сыходзяць, а мастацтва застаецца. Вельмі слушна сказаў англійскі драматург Том Стопард: «Даведацца, што перамагло ў грамадстве, дабро ці зло, можна па ступені свабоды мастака».

– А так званае «чыстае мастацтва»? Ці можа тэатр існаваць па-за межамі палітыкі?

– З аднаго боку, так, можа, але ці будзе гэта цікава? І ўзнікае пытанне, чаму ён павінен пазбягаць рэчаіснасці? Мне персанальна цікавы тэатр, які кажа пра тое, што адбываецца са мной, з жыццём вакол мяне, з людзьмі ў гэтым жыцці. І з дапамогай тэатра, у якім я сёння працую, я спрабую займацца менавіта гэтымі пытаннямі. Я не магу сказаць, што для мяне палітыка – асноўная тэма, але і абмінаць яе я не хачу.

Тэатр сучасны – месца камунікацыі паміж людзьмі, калі праз гук, колер, слова мы дзелімся вельмі канкрэтным вопытам. Тэатр дае магчымасць чалавеку асэнсаваць, пачуць самога сябе. А акторы і рэжысёры – медыумы паміж жыццём і гледачамі, якія дапамагаюць.

І калі хтосьці кажа, што займаецца «чыстым мастацтвам», а палітыкай не цікавіцца, то я разумею, што гэта самацэнзура. Гэта страх. Я восем гадоў працаваў у Нацыянальным Купалаўскім тэатры, я ведаю сістэму знутры, і я ведаю, чаго яны баяцца.

– І чаго?

– Пасля маіх спектаклей былыя калегі дасылалі мне СМС, у якіх паведамлялі, якія мы малайцы, што так і трэба, што хочуць са мной працаваць… Але на гэтым усё і сканчалася, бо людзі ўзгадвалі, што ў іх сям’я, кватэра, цёплае працоўнае месца. І ў гэтым вінаваты не толькі чалавек, які баіцца, але і сістэма, якая прымушае яго баяцца. Бо вывалішся з яе – страціш усё. І так у Беларусі таленавіты чалавек ці з’язджае ў Расію зарабляць, ці падапарадкоўваецца сістэме.

– Вы лічыце, што «афіцыйны» тэатр цікавы толькі чыноўнікам?

– І ім ён нецікавы. Яны проста прыглядаюць за ім, «каб нічога не здарылася». Зразумейце, ёсць у Беларусі драматургі, якіх ужо па 10 гадоў ставяць на Захадзе, у Расіі – паўсюль, акрамя самой Беларусі.

Таму і спрабуем пабудаваць мост паміж светам і Беларуссю. Але каб стаць часткай свету, трэба спачатку самім адчуць сабе гэтай часткай. А гэта цяжкая праца, як для людзей, так і для дзяржавы.

Гутарка цалкам тут


 

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку