“Dzieci razem” прэзентавалі беларуска-польскую пастаноўку паводле твораў Адама Міцкевіча (ФОТА)
28-га сакавіка на публічнай тэатральнай пляцоўцы Impart горада Ўроцлаў беларускія і польскія дзеці зладзілі тэатралізаваную музычную пастаноўку.
Дзеці з Беларусі і вучні ўроцлаўскай гімназіі №2 у межах праекта “Dzieci razem”, які здзяйсняецца пры падтрымцы Камітэта “Салідарнасць” і польскага фонду “My razem”, на беларускай і польскай мовах прэзентавалі мініспектаклі паводле баек Адама Міцкевіча“Сябры”, Жабкі і каралі”, “Ліса і казёл”, а таксама выступілі з сольнымі нумарамі.
Так Даніла Андрыюк з Гомеля на піяніна выканаў твор “Італія”. Леся Міхалевіч з Мінска сыграла песню “Восень”. Улада Варонежцава прачытала байку Кандрата Крапівы “Дыпламаваны баран”. Дар’я Ермакова на гітары віртуозна выканала культавую песню Бітлоў “Yesterday” а таксама на класічнай домры “Турэцкі марш” Вольфгана Амадэя Моцарта. Соф’я Козік прадэкламавала верш польскага паэта Чэслава Мілаша “Дарога”. Іосіф Шабуня з Віцебска выканаў на скрыпцы творы "Гавот" і "Куранты". Вучань польскай гімназіі Матэуш Бачманьскі прадэманстраваў сваё ўмельства ўдарніка.
Напрыканцы спектакля польскія і беларускія дзеці вельмі прыгожа выканалі танец Паланэз на музыку Міхаіла Клеафаса Агінскага.
Тэатральная імпрэза падрыхтаваная пад кіраўніцтвам рэжысёра-пастаноўшчыка, старшыні фонда ўроцлаўскага тэатра Сapitol Томаша Штонэка. Кшыштофам Жэслаўскім спецыяльна для пастаноўкі напісана музычнае суправаджэнне.
Заля была поўнай. Гледачы вельмя цёпла сустрэлі маладых артыстаў і былі уражаныя высокім мастацкім узроўнем выканання, які ўдалося дасягнуць фактычна за пяць дзён рэпетыцый.
Спектакль паводле байкі "Жабкі і каралі"
Спектакль паводле байкі "Сябры"
Спектакль паводле байкі "Ліса і казёл"
Пакінуць новы каментар