10 паспяховых каліноўцаў
Праграма імя Кастуся Каліноўскага стартавала ў 2006 годзе. Пасля масавых пратэстаў і намётавага мястэчка ўрад Польшчы даў магчымасць сотням беларусаў атрымаць адукацыю ў гэтай краіне. На дадзены момант адбылося 9 набораў студэнтаў, беларусы навучаюцца ва ўсіх буйных польскіх універсітэтах, апроч гэтага ёсць магчымасць атрымаць паслядыпломную адукацыю.
Праграма выклікала супярэчлівую рэакцыю і палярныя меркаванні — адны называюць яе самым паспяховым дэмакратычным праектам у краіне, а на думку іншых, гэтая праграма шкодзіць нацыянальным інтарэсам Беларусі — за час яе існавання больш за 800 чалавек з’ехала на Захад.
Любая навучальная праграма — гэта людзі. Іван Шыла прапануе паглядзець на гісторыі дзесяці студэнтаў праграмы Каліноўскага, чые «лайф-сторы» можна назваць гісторыямі поспеху.
Рыгор Астапеня, рэдактар часопіса «Ідэя»
У Польшчы з 2008 году, навучаўся ў Любліне, дзе атрымаў бакалаўра на кірунку «міжнародныя стасункі», скончыў магістратуру ў Варшаўскім універсітэце. Цяпер піша дактарат. Працуе аналітыкам у цэнтры Астагорскага, піша для Belarus Digest. Яго артыкулы рэгулярна друкуюцца ў беларускіх СМІ, а часамі перадрукоўваюцца і замежнымі выданнямі і аналітычнымі цэнтрамі, як Guardian і Еўрапейская Рада міжнародных дачыненняў, адна з вядомых «фабрык думак» Вялікай Брытаніі. У 2012 годзе заснаваў беларускі глабальны часопіс «Ідэя», які істотна змяніўся за апошні год.
Аляксандар Казулін, бізнэсовец
Пляменнік былога кандыдата ў прэзідэнты скончыў юрыдычны факультэт БДУ, у Польшчы вывучаў дыпламатыю ў Сollegium Civitas у Варшаве. Цяпер мае некалькі бізнес праектаў у сферы аховы здароўя, а таксама займаецца сацыяльным прадпрымальніцтвам, скіраваным на барацьбу з аўтызмам.
Святлана Панкавец, дактарант Гданьскага ўніверсітэту
У Польшчы з 2007 году. У Беларусі навучалася ў Мінскім дзяржаўным медычным каледжы, была найлепшай студэнткай патоку. Абараніла магістарскую працу па ахове навакольнага асяроддзя на факультэце хіміі, цяпер піша дактарат па хіміі ў галіне экатаксікалогіі. Атрымала грант Польскага нацыянальнага цэнтру навукі на 40 тысяч эўра.
Аляксей Папкоў, дзве магістратуры і дактарантура
Аляксей у Польшчы 9-ы год. Перад гэтым навучаўся ў Магілёве, у першым абласным ліцэі на хімія-біалягічным кірунку. З ліцэя адлічылі пасля Плошчы-2006, давучваўся ў звычайнай школе. У Польшчы атрымаў два дыпломы магістра, у біятэхналогіі і хіміі. Цяпер піша дактарат па біятэхналогіі.
Сяргей і Павал Мурашкі, уладальнікі кавярні «Kominiarz»\
Cяргей і Павал Мурашкі — былыя «маладафронтаўцы». Старэйшы, Сяргей, у Польшчы з 2006 году, Павал — з 2008-га. Навучаліся ў Катавіцах, у 2012 годзе адкрылі кальянную «Kominiarz» у цэнтры гораду, плануюць стварыць сетку кальянных.
Аляксандар Гойшык, карэспандэнт Тутбай ТБ
«Каліновец» першага набору, у Беларусі быў адлічаны з БАТУ, а перад гэтым атрымаў дыплом магілёўскага Хіміка-тэхналагічнага тэхнікуму па спецыялізацыі «камерцыйная дзейнасць». У Польшчы навучаўся ў Вроцлаве, дзе атрымаў два бакалаўры (геаграфія і тэлерадыёжурналістыка) і скончыў магістратуру па турызму. У 2012 годзе вярнуўся ў Беларусь, працаваў журналістам «Белсата», зараз тэлевядучы на Тутбай ТБ.
Ганна Любакова, журналіст
Навучалася ў Коласаўскім ліцэі, на праграме Каліноўскага з другога набору. У Польшчы скончыла бакалаўрыят і магістратуру па гісторыі мастацтваў, зараз атрымоўвае магістра па польскай філалогіі. Працавала куратарам і рабіла выставы ў Кракаве, ангажавалася ў дзейнасць Беларускага Дому ў Варшаве, была журналістам Белсата. У мінулым годзе стала лаўрэатам стыпэндыі ім. Вацлава Гаўла і ў яе межах праходзіць стажыроўку ў праскай рэдакцыі Радыё Свабода.
Ільля Навуменка, дызайнэр
У Польшчы з 2006 году, зь першага набору праграмы. Вывучаў сацыялёгію ў Варшаўскім універсітэце. Цяпер уладальнік студыі дызайну «Veshch», якая атрымала некалькі польскіх узнагародаў (Polish design award) у галіне дызайну — за найлепшы праект у катэгорыі «Вэб-дызайн», найлепшы дэбютны праект 2013 году, Mobile Trend Awards 2011 за найлепшы мабільны сайт. Менавіта ён рабіў дызайн новага сайту тэлеканалу «Белсат»
Марына Вашкевіч, тэлевядучая
Вядзе праграму «Агляд падзеяў культуры» на Белсаце, спэцыяліст у мэдыя-маркетынгу і Public relations. Скончыла Варшаўскі ўніверсітэт.
Яўген Шадко, мастак
У Менску навучаўся ў мастацкім каледжы, у Польшчы вучыцца ва Ўнівэрсытэце ім. Капэрніка ў Торуні. Працы Яўгена выстаўляліся на дзесяці выставах у Беларусі, Польшчы і ЗША. Атрымаў узнагароду Станіслава Барысоўскага ў Торуні ў 2011. Жыве і працуе ў Мінску.
Паводле Радыё Свабода
Нагадаем, cёлета 30 сакавіка навучальная праграма імя Кастуся Каліноўскага адзначае 10-годзьдзе. З гэтай нагоды ў Варшаве адбываецца сустрэча выпускнікоў зь яе кіраўніцтвам, а таксама зь міністрам адукацыі Польшчы.
Пакінуць новы каментар