100 тысяч салідарных з Алесем Бяляцкім
«Міжнародная амністыя» падводзіць марафон напісання лістоў вязню сумлення Алесю Бяляцкаму ды акцыі падтрымання. На «мапе салідарнасці» – 36 краінаў свету.
Удзельнікі глабальнай кампаніі, якая доўжылася амаль тры месяцы, выказвалі сваё падтрыманне ў самай рознай форме.
Напрыклад, у Японіі ды Паўднёвай Карэі зрабілі некалькі тысяч ліхтарыкаў. У Люксембурзе гэткія воданепранікальныя ліхтарыкі адправіліся ў плаванне ўніз па рацэ ў цэнтры гораду, расказваючы пра палітычных вязняў, у тым ліку пра Алеся Бяляцкага. Школьнікі з Тога напісалі беларускаму праваабаронцу ліст, а ў Парагваі быў арганізаваны велапрабег, удзельнікі якога затым падпісалі петыцыю з патрабаваннем вызваліць Бяляцкага. У Славеніі пра існаванне вязняў сумлення распавядалі вулічныя плакаты. Актывісты Фінляндыі правялі акцыю з запаленымі свечкамі ды партрэтамі палітзняволеных.
Суседняя Польшча далучылася да марафону шматлікімі творчымі акцыямі. Гэтак, мастак-графітыст намаляваў лісты, якія падаюць у паштовую скрыню. Алеся Бяляцкага таксама намалявалі на вялікай вулічнай карціне ў Варшаве. «Каляндар суперажывання», які сімвалізуе турэмную камеру Бяляцкага, перадалі прэзідэнту Польшчы Браніславу Камароўскаму.
Вялікая колькасць жыхароў краінаў Еўропы, з Італіі да Вялікай Брытаніі, падпісалі петыцыі за свабоду Алеся Бяляцкага. Адрасантам петыцыяў і лістоў салідарнасці праваабаронцы раздавалі налепкі з выяваю беларускага палітзняволенага.
У спісе краінаў, дзе прайшоў марафон, – Аўстрыя, Бельгія, Бярмудскія астравы, Балгарыя, Канада, Кіпр, Чэхія, Фінляндыя, Гана, Ісландыя, Ірландыя, Італія, Японія, Латвія, Люксембург, Малі, Мальта, Малдова, Манголія, Парагвай, Польшча, Партугалія, Пуэрта-Рыка, Румынія, Расея, Славаччына, Славенія, Паўднёвая Карэя, Швецыя, Швейцарыя, Тайвань, Тога, Туніс, Украіна, Венесуэла, Вялікая Брытанія.
Паводле belsat.eu
Пакінуць новы каментар