5 прычын напісаць Аўтуховічу: каб пачуць ад яго :”За мяне не хвалюйцеся”

7 студзеня гэтага года вязень гарадзенскай турмы Мікалай Аўтуховіч адзначыў юбілей – 50 гадоў. З іх агулам ужо больш за 5 гадоў Мікалай Аўтуховіч пражыў за кратамі. Ён не скардзіцца на свой лёс, шмат чытае і разьвіваецца духоўна, рыхтуецца да жыцця ва ўмовах свабоды – аб гэтым сведчаць лісты Мікалая Аўтуховіча на волю.

Аўтуховіч сядзіць у сутарэнні старой гарадзенскай турмы ў адзіночнай камэры. Вядома, што там холадна, што ўзімку даводзіцца быць ў цёплай вопратцы і шапцы, каб не замерзнуць. Аўтуховічу абмежавалі да мінімуму колькасць спатканняў са сваякамі, але Мікалай не скараецца і нават не скардзіцца на ўмовы ўтрымання. Мяркуючы па ягоных лістах, палітвязень настроены адбыць свой тэрмін у 5 гадоў цалкам, але не прасіць аб памілаванні.

Пра Мікалая Аўтуховіча расказваюць людзі, якія ў апошнія два гады з ім кантактуюць найбольш часта. Кантакты ідуць толькі праз лісты, але і гэтак, аказваецца, можна шмат чаго даведацца пра чалавека.

Віцебскі актывіст Леанід Гаравы пачаў ліставацца з Аўтуховічам пасля таго, як даведаўся, што ў калёніі пад Івацэвічамі Аўтуховіч рэзаў сабе вены, каб абараніць сваю годнасць і гонар:

«Наша ліставанне не такое і частае, але рэгулярнае. Калі ня раз на месяц, але раз на два месяцы пішу яму. Ён адказвае хутка, акуратна. Піша па-беларуску. Вось прасіў даслаць яму цікавую кніжку і я адправіў яму кнігу „Залатыя правілы народнай культуры“ Івана Крука і Аксаны Катовіч. З лістоў ён заўжды паўстае такім моцным чалавекам, які трымаецца сваёй праўды і перакананы ў тым, што ён на правільным шляху. Апошні ліст ён мне даслаў перад Новым годам. Напісаў, што з вясны яму застанецца адзін год. І калі цяпер час бяжыць вельмі хутка — ён шмат чытае, піша лісты, вучыць замежную мову — то апошні год, кажа ён, будзе крыху даўжэй цягнуцца, чым гэты час у гарадзенскай турме. У апошнім лісьце ён таксама даслаў верш Якуба Коласа пра Новы год. Бачна што ён, прадпрымальнік і вэтэран Аўганскай вайны, да беларускай літаратуры і культуры ставіцца вельмі прыхільна. Ён у сваіх лістах робіць вельмі трапныя заўвагі пра цяперашняе жыцьцё. Вось напярэдадні я яму паведаміў, што ў нас тут, на поўначы ў Віцебску, халодная зіма прыйшла. Дык ён мне адказвае: „Тое, што прыйшла каляндарная зіма, гэта ня страшна. Палохае зіма ў душы беларусаў. Чытаю газэты і зьдзіўляюся, колькі яшчэ будуць закручваць гайкі свайму народу! А самае галоўнае, што нават пасля такіх дзікунскіх захадаў жыць лепей не становіцца. У мяне час ляціць хутка, не паспяваю зрабіць тое, што на дзень заплянаваў. За мяне не хвалюйцеся“. Вось гэта цытата з ягонага апошняга ліста».

З 2005 году сябруе зь Мікалаем Аўтуховічам менскі праваабаронца Алег Воўчак. Яны пазнаёміліся, калі былы аўганец Воўчак прыехаў на заклік аўганцаў у Ваўкавыск, дзе праходзіла галадоўка салідарнасці з прадпрымальнікам Мікалаем Аўтуховічам. Прадпрымальніка тады ўлады пачалі пераьледаваць за адмову падтрымаць рэфэрэндум 2004 году і спробу вылучыцца ў парлямэнт. Алег Воўчак адзначае чалавечыя якасці Аўтуховіча:

«Чалавек прыдумаў, як зрабіць дастаткова танным і добрым па якасці таксі ў рэгіёнах. Да яго за досведам прыяжджалі з Расеі, з Украіны, з іншых рэгіёнаў Беларусі. Магу сказаць, што ён стаў фігурай не рэгіянальнага, а нацыянальнага ўзроўню. Ён мог і добрыя грошы зарабіць, у яго вельмі добра працавала юрыдычная служба, таму пэўны час ён адбіваўся праз суды ад наступу мясцовай ўлады. Тыя прайгравалі яму і псыхавалі з-за гэтага. Паважаны ва ўсіх сэнсах чалавек, мае баявыя ўзнагароды, а іх абы за што не давалі. Два з паловай гады чалавек на БМП прыкрываў калёны з грузамі ў Аўганістане, ваяваў на перавале Саланг. Там такіх людзей называлі „камікадзэ“. Мала тых, каму можна сказаць, што ты сапраўдны афіцэр. Яму гэта можна сказаць. Ён сапраўдны афіцэр, воін, абаронца».

 

паводле svaboda.org

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку