5 прычын напісаць Лобаву: Яго вельмі чакаюць дома
Напрыканцы чэрвеня з Эдуардам Лобавым у калёніі сустрэлася маці — Марына Лобава.:
Гэта было кароткатэрміновае спатканне — размова цягам дзьвюх гадзін. Але маці задаволеная, што ў сына настрой бадзёры. Ён казаў, што з нецярпеннем чакае, калі ў жніўні на волю выйдзе яго сябра Зміцер Дашкевіч і ўжо рыхтуе для его вялікі ліст. Хаця кажа, што у лістах пісаць пра сябе асабліва няма чаго: адзін дзень падобны да іншага. Адно выкройвае час, каб больш чытаць – абменьваецца кнігамі з іншымі вязнямі, атрымлівае шмат газет і часопісаў, якія выпісалі яму праваабаронцы.
Сын падзяліўся з маці прыемнай навінай, што зараз мае магчымасць прычашчацца у ксендза айца Дзмітрыя. Гэты святар дамогся ад адміністрацыі калоніі дазволу наведваць зняволеных, і хоць яму не дазваляюць прымаць у вязняў споведзь, ён прычашчае і чытае разам з імі супольныя малітвы.
Эдуард не настройвае сябе на перспэктыву датэрміновага вызвалення. Ён сказаўмаці,што час прайшоў даволі хутка, як ні дзіўна.Засталося адбыць у калоніі 1год і 6 месяцаў...
Маці Эдуарда Лобава наведала дома ягоная паплечніца, маладафронтаўка Таццяна Шапуцька. Прапануем яе расказ:
- Юра, прытрымай Ветачку, — крыкнула мужу Марына Лобава, маці Эдуарда, калі ветліва праводзіла мяне ў двухпакаёвую кватэру на ўскраіне Мінска ў Малінаўцы. Распрануўшыся, я пабачыла Ветачку — вялізнага карычневага і надзвычай прыгожага сабаку, які сціпла сядзеў у калідорчыку і здзіўлена глядзеў на мяне. Тут я прыгадала, як аднойчы ў размове спадарыня Марына згадала, што яны ўсёй сям’ёй ездзілі вандраваць ва Украіну і бралі з сабою сваіх выхаванцаў — двух прыгожых ньюфаўлендаў — маці і дачку.
-Гэта наша малодшая. Маму Шэйлу мы зачынілі ў дзіцячым пакоі, бо яна крыўдзіцца, калі да нас прыходзяць незнаёмыя людзі, і пачынае скуголіць», — спехам тлумачыць спадарыня Марына. Дзіцячы пакой — гэта пакой Эдуарда і ягонага малодшага брата Улада. І хаця Эдуарду ўжо споўнілася 22 гады, а брату — 17, і яны, зразумела, даўно лічаць сябе дарослымі мужчынамі, аднак для маці іх статус «дзяцей» непарушны. «А вось Эдуард заўсёды хацеў сабе ката. Казаў, як будзе жыць адзін, возьме каго з прытулку для жывёл, каб уратаваць ад смерці. Яны з Уладам заўсёды падкормлівалі бяздомных катоў і сабак, што швэндаліся ля дома, — распавядае яна.
Раптам раздаецца «бульк» і, злавіўшы мой пытальны позірк, бацька Эдуарда, спадар Юры, далучаецца да размовы: «Гэта нашы сомікі. Яны выскокваюць з вады, каб каўтануць паветра». І сапраўды, у невялікім акварыуме ў форме бакала для віна плаваюць дзве маленькія вусатыя рыбкі.
Спадарыня Марына сумна ўздыхае: «Ага, а Эдуарда вінавацяць, што цвікадзёрам на вуліцы людзей збівае. Ды ён і мухі не кране! У дзіцячым пакоі яшчэ адзін акварыум — там жыве Эдзікава марская чарапашка. Пайшоў у заакраму і набыў. І сам заўсёды за ёй і за рыбкамі прыбіраў, вычышчаў акварыумы, мяняў ваду. А з таго часу гэта ўсё раблю я».
«Суддзя нават галаву не ўзняла, не магла глядзець у вочы»
-З таго часу» — з моманту арышту Эдуарда, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў. Больш за суткі Лобавы не ведалі, куды знік іх сын, а ўпершыню пабачылі толькі на судзе. «Следчы не даваў мне дазволу на спатканне. А на пашпарце Эдуарда, які мне вярнулі, знайшла надпіс «За Лукашэнку». Пытаюся ў следчага: «Гэта вы за Лукашэнку»? Ён ажно ўскочыў з месца, пачаў апраўдвацца. А дазволу так і не даў», — гаворыць спадарыня Марына. «Ну дык ты ж яму выгаворвала, спрабавала перавыхаваць, сварылася з ім, — усміхаецца спадар Юры, слухаючы спешную гаворку сваёй жонкі.
Тым часам жанчына працягвае: «Як суддзя зачытала прысуд, да мяне падышоў нейкі супрацоўнік і параіў пайсці напісаць заяву на спатканне. Дык суддзя нават галаву не ўзняла, не магла глядзець у вочы. Схіліўшыся да стала, хуценька накрэмзала паперу і аддала мне. Спрабавала на наступны дзень пасля суду патрапіць да Эдзіка, але на Валадарцы столькі людзей — не прабіцца. Відаць, трэба з Уладам прыехаць гадзіне а 7 раніцы, каб паспець. Час я маю, я ж — хатняя гаспадыня. Хацела пайсці на працу, але муж сказаў, што дзеля майго заробку бібліятэкара ў 400 тысяч не варта і пальцам варушыць».
Праўда, зараз цэлымі днямі спадарыня Марына занятая справамі сына: «То перадачу адвезці, то з адвакатам сустрэцца, то рэчы забраць. Вунь у пятніцу забрала зімнюю куртку, дык яна ажно смярдзела курывам. А Эдзік жа не паліць, значыцца, гэта ў камеры такі пах. Вымыла і парашком, і іншымі сродкамі, і на балконе павесіла выветрывацца — усё роўна смярдзіць. Прасіў перадаць лягчэйшую куртку, з нашыўкай «Малады Фронт» на рукаве. І кубак з выявай «Пагоні» прасіў набыць — рыхтуецца прыбыць у калонію ў поўнай амуніцыі».
Спадарыня Марына расказвае, што яе жыццё кардынальна змянілася пасля зняволення сына: «Пазнаёмілася з такой колькасцю добрых людзей! Штодня стэлефаноўваемся з бацькамі іншых вязняў. На Дзень Волі тэлефаную Алене Ліхавід, пытаюся, ці павіншавала яна свайго сына са святам. Яна войкнула: забылася, а праца ж да вечара. Мне ж не цяжка схадзіць на пошту — адправіла Мікіту Ліхавіду віншавальную тэлеграму. Падпісала «мама». Паштаркі сабралі цэлы кансіліум наконт словаў «Дзень Волі», але даслалі».
Лобавы сталі наведваць усе апазіцыйныя акцыі, хаця раней хадзілі як атрымоўвалася. Марыну Лобаву часта запрашаюць у амбасады, і паўсюль яна гаворыць пры неабходнасць увядзення эканамічных санкцыяў. На яе думку, гэта адзіны шанец вызвалення ўсіх палітвязняў.
«Эдзік перахацеў паступаць у спецназ»
Эдуард Лобаў марыў займацца вайсковай справай. Кроўны бацька Эдуарда — вайсковец, услед за якім сям’я пераехала з Вільні ў Паставы. Прадзед юнака служыў у польскім войску, за што камуністы саслалі яго ў лагер на 20 гадоў. Выйшаў праз 10 — па амністыі, пасля смерці Сталіна.
«Эдзік з дзяцінства чытаў вайсковыя кнігі, вывучаў віды зброі, вайсковыя тактыкі. Ён марыў паступіць у ваенную акадэмію, самастойна праходзіў лекараў, ляжаў у шпіталях на абследаваннях. Але яму адмовілі з-за невялікага скрыўлення хрыбта — ён у дзяцінстве патрапіў у аварыю. Для Эдзіка як быццам бы рухнуў сусвет. У ваенкамаце нейкі службовец параіў яму пайсці служыць — маўляў, пасля службы паступіш у акадэмію без праблемаў, і на паказчыкі здароўя ніхто і глядзець не будзе. Я настаяла, каб перад гэтым ён атрымаў хоць якую прафесію, і Эдуард скончыў каледж па спецыяльнасці «слесар кантрольна-вымяральных прыбораў». А пасля пайшоў у дэсант».
//Новы час
Пакінуць новы каментар