5 прычын напісаць Севярынцу: каб далучыцца да яго сяброў
Павал Севярынец, які адбывае«хімію» ў Пружанскім раёне, працягвае ліставацца шмат з кім з дзейных палітыкаў, актывістаў БХД і палітвязьняў. Паводле Паўла Севярынца, ён трывала атрымлівае лісты ад Зьмітра Дашкевіча, Эдуарда Лобава, Мікалая Аўтуховіча і Алеся Бяляцкага. Вось што Павал распавёў пра гэтае ліставаньне.
«Самы гумарны і бадзёры — гэта Дашкевіч. Хлопец проста сьвеціцца. У Лобава такі засяроджаны, ваярскі дух. Аўтуховіч хутчэй робіць ўражаньне сталага дасьведчанага чалавека, які ніводнага слова не скажа на вецер. А Алесь Бяляцкі вельмі цікава і рамантычна піша нават пра простыя, бытавыя рэчы: пра тую ж сталоўку, ці працу. Ці пра надвор’е.»
Паводле Паўла Севярынца, з лідэрам «Маладога фронту» Зьмітром Дашкевічам яны часта дзеляцца ацэнкамі становішча ў краіне, пры гэтым карыстаюцца пэўнымі моўнымі прыёмамі. Эдуард Лобаў раіцца з Севярынцам адносна кніг, якія можа прачытаць ў турэмнай бібліятэцы. Цікавыя жыцьцёвыя разважаньні атрымлівае Павал Севярынец ад вязьня гарадзенскай турмы, прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча. З Алесем Бяляцкім яны абменьваюцца ўражаньнямі ад прачытаных кніг ды артыкулаў.
За час адбывання пакарання ў Купліне Павал Севярынец атрымаў больш за 2 тысячы лістоў.
Таксама Павел падсумаваў вынікі прыезду да яго ў Куплін сяброў, паплечнікаў і вернікаў. Спіс аказаўся ўнушальным: звычайна да Паўла прыязджаюць некалькі гасцей на тыдзень: як з Пружан ці з яго наваколля, так і з Мінску, Баранавічаў, Бярозы, Гомеля, Кобрына, нават жыхары Польшчы, Украіны ды Злучаных Штатаў. Кожную нядзелю, калі Павел Севярынец атрымлівае больш 4 гадзінаў, каб паспець у царкву, лазню і на пошту, за ім прыязджаюць з Пружан на машыне. Людзі мяняюцца, і за 2 гады ў Купліне толькі ў гэтых нядзельных паездках палітвязень пазнаёміўся з 20 пружанцамі. Сталыя наведвальнікі-краязнаўцы Іван Здановіч, Леанід Патапчук, Юрась Зялевіч з Пружанаў, Аляксандр Кенда з Малеча і Раман Патапчук з Мінску дапамагаюць Севярынцу, калі ідзе гаворка пра артыкулы ў “Нашай Ніве”. Пастаянна апекуе Паўла Анатоль Сахаруша з Малеча. Прыязджаюць хрысціяне розных канфесій: з Брэста, Баранавічаў, Мінску, Івацэвічаў, Магілёва, Воршы, Бабруйску. Частыя госці маладафронтаўцы: Наста Дашкевіч, Мікалай Дземідзенка, Раман Васільеў, Валер Мацкевіч, Артур Фінькевіч. І, канешне, не абмінаюць Куплін журналісты: Жана Літвіна, Таццяна Мельнічук, Аліна Суравец, Генадзь Барбарыч і іншыя. Таксама часта бываюць кіраўнікі партый і арганізацый: Аляксандр Мілінкевіч, Аляксей янукевіч, Лявон Баршчэўскі, Юрась Губарэвіч, Анатоль Лябедзька.
Для камендатуры і “хімікаў” плынь гасцей - відавочнае сведчанне моцнага руху салідарнасці.// Па старонках інтэрнету
Напісаць Паўлу Севярынцу магчыма па адрэсе: 225143, Брэсцкая вобл., Пружанскі р-н, в. Куплін, ПУАТ-7
Пакінуць новы каментар