5 прычын напісаць хлопцам, асуджаным “па справе анархістаў”: варта даведацца, чаму яны палітычныя?

Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок і Аляксандр Францкевіч  асуджаныя за   ўдзел у антымілітарысцкай мірнай дэманстрацыі каля Міністэрства абароны Беларусі.

Яны заяўляюць аб непрыняцці мілітарнай дактрыны дзяржавы,  бо падтрымваюць анархісцкую ідэю самакіраванага грамадзтва і народнай салідарнасці.

Чаму міжнародная арганізацыя  Amnesty International прызнала вязнямі сумлення гэтых новых членаў палітычна актыўнай моладзевай супольнасці?

Адказ на гэтае пытанне чытач знойдзе ў  нататках з-за кратаў  Ігара Аліневіча:

 

... Наконт судовай перадузятасці ў дачыненні нашай «справы анархістаў». Для расследавання г. зв. «хуліганскіх дзеянняў» (ч. 2, арт. 339) былі задзейнічаны Камітэт дзяржбяспекі і Упраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Колькасць аператыўнай групы склала ажно 30 чалавек. Адных падазраваных апынулася 120 чалавек. Асабіста на мяне і майго сябра Дзмітрыя Дубоўскага арганізавалі сапраўдную аблаву ў Маскве за месяц да з’яўлення першых паказанняў супраць нас. Яшчэ на этапе папярэдняга следства быў зняты і паказаны па беларускім тэлебачанні прапагандысцкі фільм, аўтары якога не пасаромеліся выдаць нашы аматарскія тэатральныя здымкі за падпольныя сходы.

Мы атрымалі абвінаваўчыя прысуды, што грунтуюцца на паказаннях людзей, якія, нягледзячы на свой актыўны ўдзел у радыкальных акцыях, ці выйшлі з клеткі ў залі суда (Веткін, Селівончык), ці наогул прайшлі па гэтай справе як сведкі (Канафальскі, Акдыф). Ігнараваліся заявы некалькіх сведак пра ціск з боку следства, няяўка ў суд ключавых сведак, двайны абгавор Дубоўскага з боку Веткіна і Канафальскага, выкрыты падчас судовага працэсу. Да хуліганскіх дзеянняў прыраўнялі нават антывайсковую маніфестацыю ля будынка Генеральнага штаба, што адбылася яшчэ ў верасні 2009 года.

У дачыненні да «бабруйскай справы» (падпал будынку КДБ) таксама ўзнікаюць пытанні: якім чынам фігурантам справы «прыпісалі» ч. 3 арт. 218 (наўмыснае пашкоджанне маёмасці ў асабліва буйным памеры — памеры, які перавышае базавую велічыню ў 1000 і больш разоў), калі пашкоджанне бетоннай сцяны ад «кактэйлю Молатава» было ацэнена ўсяго ў 253 тысяч беларускіх рублёў? Гэтае абвінавачанне прадугледжвае зняволенне ад 7 да 12 гадоў, а «лягчэйшыя» часткі арт. 218, дзе гаворыцца пра меншы памер пашкоджання маёмасці, прадугледжваюць як меншы тэрмін зняволення — ад 3 да 10 гадоў, так і абмежаванне волі ды проста штраф.

Нашы прысуды склалі да 7–8 гадоў пазбаўлення волі. Такія тэрміны часта атрымоўваюць за разбой, наркагандаль, забойства і нават разбэшчванне малалетніх. Ведаю выпадак, калі за падпал машыны, у якой выпадкова апынуліся 2 чалавекі (згарэлі жыўцом) абвінавачаныя атрымалі 7 гадоў! Выходзіць, што падкопчаная сценка больш каштоўная за чалавечае жыццё?

Мы не маем ілюзій ні ў дачыненні следства, ні ў дачыненні суда. Нас не здзіўляюць прысуды, але здзіўляе, чаму такая відавочная сітуацыя не настолькі відавочная для ўсіх.

Можа, справа ў трывалых шаблонах дзеянняў на Захадзе? Пікеты, дэманстрацыі, мітынгі. Аднак давайце паглядзім на падзеі ў Сірыі: кожны дзень на працягу многіх месяцаў народ выходзіць на вуліцу, а войскі яго разганяюць і расстрэльваюць. Зразумела, што такімі дзеяннямі ўлады Сірыі разбураюць уласную легітымнасць. Захад рэагуе ўсё больш жорстка, і ўрэшце ці ўлада сыходзіць сама, ці ёй «дапамагаюць» па лівійскім сцэнары. Атрымоўваецца, што пытанне апраўданасці ўжывання сілы з боку пратэстоўцаў вырашаецца староннімі структурамі, урадамі лідзіруючых краін, у першую чаргу ЕС і ЗША.

Пакуль палітыкі прымаюць свае рэзалюцыі, людзей забіваюць і кідаюць у турмы, рабуюць і прыніжаюць. Аднак тых, хто ўзяў у рукі камень ці вінтоўку, а не проста падстаўляецца пад дубінкі і кулі, чамусьці вызначаюць як крымінальнікаў і правакатараў. Калі ж на высокім узроўні прымаюць неабходныя рэзалюцыі і даюць дабро, учорашнія «крымінальнікі і правакатары» прызнаюцца за герояў і пакутнікаў у барацьбе за дэмакратыю. Такія вось двайныя стандарты.

Прыкра асэнсоўваць, што ў нашай краіне, якая прайшла праз маштабныя рэпрэсіі царызму і бальшавізму, так складана атрымаць статус палітычнага без асаблівага лобі з боку апазіцыі. Справа не ў нас. Нам якраз няма прычыны гараваць: мы атрымалі велізарную падтрымку з боку як нашых родных, так і зусім незнаёмых людзей, і гэтая ўвага сапраўды каштоўная для нас. Аднак што рабіць усім тым, чыя крымінальная справа не на слыху? Праблема не ў некалькіх дзясятках людзей, праблема ў тысячах вязняў, асуджаных праз бязладдзе карных органаў, за тое, што паступалі па-чалавечы, прытрымліваліся сваіх прынцыпаў, адмаўляліся выконваць злачынныя распараджэнні, не паддаваліся шантажу ды вымагальніцтву. У турме можа апынуцца кожны з тых, хто цяпер ходзіць па вуліцы побач з намі. Страшна, калі на стале няма кавалка хлеба. Аднак яшчэ страшней, калі бацькі бачаць сталенне сваіх дзяцей толькі па фотаздымках.

Вызваленне некалькіх дзясяткаў палітычных не гаворыць пра тое, што ўсё стала на свае месцы. У моры несправядлівасці беларускай рэчаіснасці паменела толькі на кроплю. Ужо цяпер крытычна важна прызнаць палітычнымі вязнямі ўсіх, каго сама дзяржава сваім судовым бязладдзем дэ-факта прызнала такімі; усіх тых, хто кінуў выклік уладзе ў барацьбе за праўду і справядлівасць.

Ігар Аліневіч

Наваполацк, папраўчая калёнія № 10

0 Comments

Пакінуць новы каментар

  • Радкі ды абзацы пераносяцца аўтаматычна.
  • Дазволеныя HTML тэгі: <a> <p> <span> <h3> <img> <hr> <br> <br /> <ul> <ol> <li> <table> <tr> <td> <b> <u> <i> <sub> <sup> <blockquote> <pre> <strike> <caption> <em> <strong>
  • Вы можаце дапісваць PHP-код. У такім выпадку ўключайце тэгі <?php ?>.
  • You may insert videos with [video:URL]
  • Адрэсы вэс-старонак і е-мэйл адрэсы пераўтворацца ў спасылкі аўтаматычна.

Больш інфармацыі пра опцыі фарматавання

CAPTCHA
Каб падтвердзіць, што Вы чалавек, калі ласка ўвядзіце код з малюнка ніжэй:
Image CAPTCHA
Увядзіце літары з малюнку