8 красавіка распачынаецца суд над Касяй Салаўёвай
Дзяўчыну абвінавачваюць у парушэньні арт. 193‑1 Крымінальнага кодэкса РБ «Удзел у незарэгістраванай арганізацыі» («Малады фронт»).
Паводле гэтага артыкулу ўжо судзілі дзесяць «маладафронтаўцаў», але толькі Зьміцер Дашкевіч трапіў за краты, астатнія абмяжоўваліся штрафамі і папярэджаньнямі. Максымальная санкцыя па артыкуле 193 — два гады турмы.
Першапачаткова суд над Салаўёвай мусіў адбыцца 27 сакавіка, але быў перанесены амаль на два тыдні. Справа ў тым, што 25 Сакавіка падчас сьвяткаваньня ў Менску Дня Волі Кася была затрыманая і асуджаная на 5 сутак арышту. Суд быў перанесены з простай прычыны — адсутнасьць абвінавачанай.
Ураджэнку мадзярскага Вэспрэму Касю Салаўёву 23 студзеня 2008 г. выключылі з Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, дзе яна навучалася на 2‑м курсе гісторыка‑філялягічнага факультэту. Адвакатам на працэсе будзе выступаць Аляксандар Галіеў.
На суд абяцаюць прыехаць мноства палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў. Салаўёва просіць усіх неабыякавых прыехаць у Полацак і падтрымаць яе падчас працэсу.
Між іншым, 9 сакавіка Касі Салаўёвай споўнілася 20 гадоў.
Паводле Нашай Нівы