Amnesty International: «Сітуацыя ў Беларусі – адна з горшых на кантыненце»
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International апублікавала 23 траўня штогадовы даклад. Згодна з дакументам, становішча з правамі чалавека ў Беларусі – адно з самых горшых на кантыненце. У справаздачы Amnesty International Беларусь згадваецца ў якасці парушальніка правоў чалавека ў агульных раздзелах, а таксама ў артыкуле, прысвечаным асобна Беларусі.
У заяве арганізацыі пра справы ў галіне правоў чалавека ў свеце генеральны сакратар Amnesty International Айрын Хан сказала пра новы кірунак барацьбы з іншадумствам у шэрагу краін. Гаворка ідзе пра абмежаванне ўрадам доступу да інфармацыі ў інтэрнэце. У гэтым кантэксце Айрын Хан згадала Беларусь сярод такіх краін, як Кітай, Іран, Сірыя і В`етнам. Акрамя таго, Беларусь апынулася апошняй у спісе аб адмене пакарання смерцю.
“Цяпер, практычна, гэта – кантынент, свабодны ад смяротнай кары. І толькі Беларусь працягвае караць людзей, або прыгаворваць да пакарання смерцю”, – гаворыць генеральны сакратар Amnesty International.
У раздзеле, прысвечаным Беларусі, гаворыцца пра працяг прыгнечання ўладамі грамадзянскай супольнасці. Адмыслоўца Amnesty International па праблемах Беларусі Хэзэр МакГіл пракаментавала высновы арганізацыі для “Нямецкай хвалі”:
“У Беларусі мы назіраем далейшае выкараненне свабоды слова і аб`яднанняў. Грамадзянскай супольнасці усё цяжэй функцыянаваць. Напрыклад, мы займаліся справай ініцыятывы па назіранні за выбарамі “Партнёрства”. Яны былі арыштаваныя напярэдадні выбараў у сакавіку 2006 года і асуджаныя за дзейнасць у незарэгістраванай арганізацыі. Але ў Беларусі зарэгістраваць няўрадавую арганізацыю немагчыма”.
Хэзэр МакГіл растлумачыла, што мае на ўвазе заканадаўчыя папраўкі 2005 года, якія абмяжоўваюць свабоду аб`яднанняў і сходаў. Пасля іх рэзка ўзрасла колькасць абвінаваўчых прысудаў актывістам грамадзянскай супольнасці.
Amnesty International крытыкуе масавыя затрыманні дэманстрантаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года. Праваабаронцаў турбуюць таксама арышты апазіцыянераў. У справаздачы гаворыцца, што ў 2006 годзе ў краіне было адзінаццаць вязняў сумлення, сярод якіх Аляксандр Казулін.
На пытанне, ці лічыць Amnesty International вызваленне з зняволення апазіцыянераў Паўла Севярынца і Мікалая Статкевіча напярэдадні публікацыі справаздачы своеасаблівым жэстам добрай волі з боку беларускіх улад, МакГіл адказала:
“У такіх выпадках заўсёды вельмі складана ацаніць, наколькі паўплывала наша дзейнасць на сітуацыю. Вядома, мы здаволеныя, што людзей вызвалілі. Але цяжка сказаць, здарылася гэта дзякуючы міжнароднаму ціску або дзякуючы чамусьці іншаму”.
Пры гэтым брытанскай праваабаронцы вядомыя выпадкі, калі беларускія ўлады адэкватна рэагавалі на міжнародную крытыку. Так здарылася, напрыклад, пасля затрымання Антона Філімонава ў 2006 годзе. Выпускаючы яго пад заклад, суддзя проста сказаў, што робіць гэта з прычыны міжнароднага ціску. Для Amnesty International – гэта яшчэ адзін стымул для працягнення настойлівай працы ў Беларусі.