Cлонімскі райвыканкам адмовіў Івану Шэгу ў правядзенні трох пікетаў
У верасні слонімскі актывіст Іван Шэга падаваў у Слонімскі райвыканкам заяўкі на правядзенне трох пікетаў 3, 4 і 5 кастрычніка ў падтрымку агульнабеларускай акцыі “За мірную, нейтральную Беларусь!”.
Нягледзячы на нібыта пэўную перадвыбарчую лібералізацыю грамадска-палітычнага жыцця, Слонімскі райвыканкам адмовіў у правядзенні пікетаў, нічым не матывуючы сваю адмову, паведамляе spring96.org
У афіцыйным адказе толькі сказана: “накіраваныя Вамі ў выканкам дакументы не адпавядаюць артыкулу 5 Закона Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 1997 года “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”. І подпіс старшыні Слонімскага райвыканкама Алега Таргонскага. Рашэнне райвыканкаму Івану Шэгу прапаноўваецца абскарджваць у Гродзенскім абласным выканаўчым камітэце.
Нагадаем, сёння 4 кастрычніка, у сталіцы будзе праходзіць падобная па сэнсу масавая акцыя на плошчы Свабоды. Дэмакратычныя сілы аб'ядналіся, каб выказаць свой пратэст супраць размяшчэння расійскіх вайсковых баз у Беларусі.
Пакінуць новы каментар