Cправа Фінькевіча ня скончана
Рух “За Свабоду” і Камітэт абароны рэпрэсаваных будуць змагацца за вызваленьне Артура Фінькевіча.
– Падчас суду над Артурам зьявілася шмат пытаньняў да дзеяньняў адваката, да выступаў сьведкаў з боку пракуратуры. Мы лічым, што адвакат спрацаваў даволі слаба, магчыма, яму не стае досьведу. Паказаньні сьведкаў шмат у чым супярэчаць. Але галоўнае, што Артур Фінькевіч вельмі кепска сябе адчуваў падчас працэсу і ня мог у поўнай меры абараняць свае інтарэсы. Ён двойчы хадайнічаў аб пераносе слуханьняў, але яму было адмоўлена, – кажа старшыня Камітэту абароны рэпрэсаваных Іна Кулей.
Камітэт знайшоў Артуру новага адваката. З ім ужо складзена дамова. Інтарэсы палітвязьня будзе прадстаўляць Ганна Бахціна. Яна будзе складаць касацыўную скаргу ў абласны суд, каб прызнаць прысуд незаконным і патрабаваць перагледзець справу. Падчас паўторнага разгляду адвакат мае намер дабівацца поўнага апраўданьня Артура па прычыне яго невінаватасьці.
Іна Кулей таксама паведаміла, што Камітэт арганізуе міжнародную кампанію падтрымкі Артура Фінькевіча. Аляксандар Мілінкевіч адзначыў, што Рух “За Свабоду” рыхтуе звароты да амбасадараў заходніх краінаў, а таксама ліст у міжнародную праваабарончую арганізацыю Amnеsty International, каб Артура прызналі вязьнем сумленьня.