Адказаць на каментар
Праваабаронца Павал Левінаў дамагаецца роўных магчымасцяў распаўсюду для газеты «Віцебскі кур’ер» і «Аптечка Еламеда».
На думку Левінава, выдаўцы і распаўсюджвальнікі газеты, якая зарэгістраваная ў Расеі, павінны быць прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за яе незаконны выраб і распаўсюд на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, паведамляе vitebskspring.org.
З адпаведным патрабаваннем праваабаронца звярнуўся ў аддзел унутраных спраў адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску яшчэ на пачатку верасня бягучага году. І вось надоечы стала вядома: участковы інспектар АУС адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску старшы лейтэнант міліцыі В. Пагарэльскі пастанавіў – справу аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да расейскага выдання спыніць. Сваё рашэнне Пагарэльскі абгрунтаваў адказам намесьніка Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігара Лапцёнка ад 16 чэрвеня 2009 г., з якога вынікае, што адмененая працэдура выдачы дазволаў для распаўсюду расейскіх перыядычных выданняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Аднак, як лічыць праваабаронца, участковы інспектар вынес пастанову, якая не грунтуецца на дзейсным заканадаўстве. Свае довады Левінаў будуе на падставе судовых рашэнняў, вынесеных апошнімі гадамі ў дачыненьні да рэдакцыі і супрацоўнікаў беларускай газеты «Віцебскі кур’ер», якая таксама зарэгістраваная ў Расіі
Так, 4 траўня 2010 году судзьдзя суду Першамайскага раёну Віцебску Валянціна Кісьмярошкіна разгледзела справу аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да Віктара Рамнёва, якая паступіла ад начальніка АУС адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску. Віцебскі актывіст перавозіў у легкавіку 56 асобнікаў расейскага перыядычнага выдання – газеты «Віцебскі кур’ер» і быў прыцягнуты за гэта да адказнасці на падставе часткі 2 артыкулу 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Суды вышэйшай інстанцыі пацвердзілі законнасць пастановы аб прыцягненьні Рамнёва да адміністрацыйнай адказнасці, адзначыўшы, што «дазволу Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь на распаўсюд на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь газэты “Віцебскі кур’ер”, зарэгістраванай на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, Рамнёў В.А. не мае».
Названы факт прыцягнення распаўсюдніка газеты «Віцебскі кур’ер» не з’яўляецца адзінкавым. У кастрычніку 2012 году суддзёй суду Першамайскага раёну Віцебску Наталляй Караблінай за распаўсюд 241 асобніка газеты «Віцебскі кур’ер» быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці Міхаіл Жураўлёў. Справа Жураўлёва была прынятая ў вытворчасць па прадстаўленні начальніка АУС адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску.
На думку Паўла Левінава, факты пераследу распаўсюджвальнікаў газеты «Віцебскі кур’ер» наўпрост сведчаць пра яе дыскрымінацыю, а таксама пра выбарачнасць прымянення дзейнага заканадаўства ў дачыненні да парушальнікаў закону аб СМІ. Бо наконт распаўсюду адных замежных сродкаў масавай інфармацыі (газета «Віцебскі кур’ер») начальнік АУС адміністрацыі Першамайскага раёну Віцебску згаджаецца з накіраваннем справы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў суд, а ў дачыненні да другіх (газета «Аптечка Еламеда») – пры аналагічных прыкметах парушэння закону – згаджаецца з пастановай пра спыненне справы, што ёсць яскравай праявай дыскрымінацыі ў адносінах да незалежных грамадска-палітычных СМІ.