Адказаць на каментар
Камітэт па правах чалавека ААН апублікаваў рашэнне па звароце № 1987/2010, згодна з якім Рэспубліка Беларусь прызнаная парушальніцай правоў віцебскага актывіста Анатоля Стамброўскага.
У сваёй скарзе ў КПЧ Анатоль Стамброўскі даводзіў аб тым, што ён з'яўляецца ахвярай парушэння Беларуссю ягоных правоў. Так, 3 красавіка 2009 году актывіст хацеў зладзіць адзіночны пікет у пешаходнай зоне на скрыжаванні дзвюх вуліц Віцебску. каб прыцягнуць увагу грамадскасці да парушэнняў заканадаўства органамі ўлады. Аднак Віцебскі гарвыканкам правядзенне пікету забараніў.
Гарвыканкам адзначыў, што правядзенне пікету нібыта парушыла б дарожны рух, парадак перамяшчэння людзей, грамадзкую бяспеку і парадак. У лісце аб забароне пікету было адзначана таксама, што прапанавае актывістам месца не ўваходзіць у спіс дазволеных для правядзення масавых мерапрыемстваў месцаў, у той час як згодна з пастановай гарвыканкаму грамадзкія мерапрыемствы можна ладзіць толькі ў некалькіх канкрэтна пазначаных месцах у Віцебску.
Анатоль Стамброўскі абскардзіў рашэнне аб забароне пікету ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска, сцвярджаючы, што гарвыканкам парушыў яго канстытуцыйнае права на свабоду выказвання меркаванняў. Раённы суд Віцебска не прыслухаўся да аргументаў актывіста і, спаслаўшыся на тое, што пастанова Віцебскага гарвыканкаму адпавядае палажэнням Закону Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах», пакінуў скаргу без задавальнення.
Пазней Віцебскі абласны суд і Вярхоўны суд Беларусі, куды звяртаўся Стамброўскі з касацыйнымі скаргамі на рашэнне раённага суда, прызналі, што палажэнні Закону «Аб масавых мерапрыемствах» з'яўляюцца дэ-факта вышэйшымі за канстытуцыйную норму, згодна з якой кожны грамадзянін мае права на свабоду выказвання меркаванняў.
Як паведамляе сайт “Віцебская Вясна”, Камітэт па правах чалавека, куды ў рэшце рэшт паскардзіўся віцебскі актывіст, некалькі разоў спрабаваў дамагчыся ад уладаў Беларусі тлумачэнняў па сутнасці скаргі. Але беларускія ўлады адмовіліся даць такія тлумачэнні.
У рашэньні па справе Дамброўскага КПЧ асобна пракамэнтаваў адмову Беларусі ад супрацоўніцтва з Камітэтам: «Камітэт нагадвае, што ў адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 39 Пакту ён мае права вызначаць свае ўласныя правілы працэдуры, якія дзяржавы-ўдзельнікі пагадзіліся прызнаваць. Ён далей адзначае, што ў сілу далучэння да Факультатыўнага пратаколу дзяржава–удзельнік Пакту прызнае кампэтэнцыю Камітэтапрымаць і разглядаць паведамленні ад асобаў, якія сцвярджаюць, што яны з'яўляюцца ахвярамі парушэння якога-небудзь з правоў, выкладзеных у Пакце.
З далучэння да Факультатыўнага пратаколу вынікае абавязак дзяржавы добрасумленна супрацоўнічаць з Камітэтам з тым, каб ён мог разглядаць такія паведамленні і накіроўваць сваю пазыцыю дзяржаве-ўдзельніку і зацікаўленай асобе.Камітэт адзначае, што, не прызнаючы яго кампэтэнцыю ў гэтым пытанні і загадзя заяўляючы, што яна ня будзе прызнаваць рашэнне Камітэту ў дачыненні да прымальнасці і сутнасці паведамлення, дзяржава-ўдзельнік парушае свае абавязкі, прадугледжаныя артыкулам 1 Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах».
Нягледзячы на пярэчанні ўладаў Беларусі, Камітэт палічыў скаргу Стамброўскага прымальнай і разгледзеў яе па сутнасці. Вынік разгляду такі: «Дзяржава-ўдзельнік не прадставіла ніякіх заўваг па сутнасці гэтага паведамлення… Нацыянальныя органы не патлумачылі, якім чынам падчас правядзення адзіночнага пікету ў пешаходнай зоне аўтар можа парушыць дарожны рух, парадак перамяшчэння людзей, грамадзкую бяспеку і парадак у названым месцы, і як абмежаванні правоў аўтара паведамлення, прадугледжаных артыкулам 19 Пакту, абгрунтоўваюцца пунктам 3 артыкулу 19 Пакту. Пры гэтых акалічнасцях Камітэт робіць выснову пра тое, што правы аўтара паведамлення, прадугледжаныя пунктам 2 артыкулу 19 Пакту, былі парушаныя».
Цяпер улады Беларусі абавязаныя забяспечыць Анатолю Стамброўскаму эфектыўны сродак прававой абароны, уключаючы пакрыццё панесеных ім судовых выдаткаў і кампэнсацыю. Згодна з рашэннем КПЧ Беларусь мусіць перагледзець унутранае заканадаўства. Таксама дзяржава абавязаная зрабіць захады па недапушчэнні здзяйснення ёй аналагічных парушэнняў у будучыні.
Цягам апошніх некалькіх гадоў Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў дзясяткі выпадкаў парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Найчасцей беларусы скардзяцца на парушэнне Беларуссю артыкулу 19 Пакту, які забяспечвае права на свабоду выказвання меркаванняў і распаўсюд інфармацыі, нагадвае ПЦ "Вясна".