Адказаць на каментар
У Мінгарвыканкаме вывучылі дзейнасць Змітра Вайцюшкевіча і забаранілі канцэрт. Пра гэта кажа афіцыйнае тлумачэнне за подпісам першай намесніцы начальніка галоўнага упраўлення ідэалагічнай працы Мінгарвыканкама Віталіны Рудзікавай.
Зміцер Вайцюшкевіч меўся выступіць 22 ліпеня ў Доме Масквы з праграмай на вершы расійскага паэта Уладзіміра Маякоўскага, паведамляе Радыё Свабода. Адміністрацыя установы дала згоду на выступ, аднак упраўленне ідэалагічнай працы Мінгарвыканкаму паставіла мэтазгоднасць канцэрту пад сумнеў. У пісьмовым адказе на імя арганізатараў чыноўніца ідэалагічнага падраздзялення Віталіна Рудзікава, тлумачачы адмову выдаць гастрольнае пасведчанне, спаслалася на пункт 5 разьдзела 2 «Палажэння аб арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў», зацверджанага прэзідэнцкім указам № 257.
У згаданым пункце, у прыватнасці, гаворыцца пра забарону арганізацыі і правядзення канцэртаў, якія маюць на мэце «прапаганду вайны ці экстрэмісцкай дзейнасці, уяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы, грамадскаму парадку, маральнасці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзянаў...». Пры гэтым спадарыня Рудзікава падкрэсліла, што асабіста паслухала аўдыё і паглядзела відэа артыста, перш чым прыняла рашэнне не дазваляць мерапрыемства.
Сам Зміцер Вайцюшкевіч сказаў Свабодзе, што не збіраецца «праглынаць» падобнае самаўпраўства і будзе аспрэчваць рашэнне праз суд. Па яго словах, надышоў час нарэшце стварыць прэцэдэнт:
«Я ведаю, што "Вясна" згадзілася падтрымаць усе звязаныя з гэтым юрыдычныя справы, і думаю, што ў верасні працэс пойдзе. А ў жніўні будзем займацца, спакойна рыхтавацца да суду. Таму што тут таксама пытанне і да паэзіі, і да нейкай канкрэтыкі. Не сумняюся, што яны усё выкруцяць як захочуць, але, тым ня менш, усё ж хацелася б стварыць прэцэдэнт з канкрэтнай нагоды. Таму што гэтая справа не павінна быць проста так пакінута ці "з'етая" намі, мы увесь час нешта глытаем. Лічу, што варта гэтым заняцца. І прыцягнуць менавіта канкрэтную асобу, якая за свае словы павінна адказаць хоць неяк. Тым больш, аказваецца, яна сама была выкладчыцай у музычнай вучэльні, і асабіста мне гэта ужо зусім незразумела – як музыкі могуць так сябе паводзіць?»
Эксперты не выключаюць, што пад чарговую прэзідэнцкую кампанію выканаўцу прыгадалі папярэднюю, калі ён актыўна падтрымліваў аднаго з кандыдатаў, тагачаснага лідэра кампаніі «Гавары праўду», паэта Уладзімера Някляева – агітаваў за яго са сцэны, ез'дзіў з ім па рэгіёнах. Аднак сёлета спадар Някляеў наўпрост у выбарах не удзельнічае, а вось Змітра Вайцюшкевіча прэвентыўна нейтралізавалі:
Калегі па цэху шакаваныя "выракам" Змітру Вайцюшкевічу, творчасць якога ў апошнюю чаргу можа асацыявацца з гвалтам ці экстрэмізмам. Лідэр гурту «Нейра Дзюбель» Аляксандр Кулінковіч, які сам не адзін год значыўся ў «чорных спісах» цэнзуры, але потым быў амніставаны, кажа, што забарона на творчасць – адна з прыкметаў слабасці сістэм:
«…Ставіць знак роунасці паміж вайной і Вайцюшкевічам – поуны маразм. Проста не уяўляю, як да такога маглі дадумацца. Я чуу адгалоскі гэтай справы, але не падазраваў, што усё так сур’ёзна. Меркаваў, што як звычайна — дзесьці з "тэхнічных прычынаў" перанеслі, адмянілі. Ажно вось як запушчана. Зрэшты, у нас таксама здараецца: хоць нібыта мы ужо і дазволеныя, усё роўна бываюць забароны канцэртаў. Але Дзімка, прычым з такой фармулёўкай – шчыра кажучы, вы мяне шакавалі. Усё, што магу сказаць, – Дзімка, трымайся!».
Негалосны пералік забароненых музыкаў, творчасць якіх не адпавядае густу чыноўнікаў, з'явіўся ў Беларусі пры канцы 1990-х і рэгулярна абнаўляецца перад важнымі палітычнымі кампаніямі або пасля іх. Зміцер Вайцюшкевіч — «ветэран» чорных спісаў. Кампанію яму складае Сяргей Міхалок, прысутнасць якога ў ратацыі на радыё і тэлеканалах выключаная.