Адказаць на каментар
Аднаго з удзельнікаў студэнцкай акцыі супраць платных перасдачаў, сацыяльнага актывіста Паўла Сяргея суд Маскоўскага раёна пакараў штрафам у 25 базавых велічыняў (чатыры з паловай мільёна рублёў).
Як паведамляе сайт ПЦ “Вясна”, пераслед удзельнікаў мірнай акцыі пратэсту студэнтаў супраць увядзення платы за пераздачу залікаў і іспытаў, якая адбылася ў Мінску 2 снежня, працягваецца.
На актывіста Паўла Сяргея адміністрацыйны пратакол быў складзены па ч.1 артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).
Судовы працэс пачаўся 22 снежня ў 16-00. Суддзя Таццяна Матыль забараніла журналістам весці фотаздымку. Затым яна не дазволіла выступіць адвакату, які хацеў прапанаваць далучыць да справы неабходныя матэрыялы, паколькі палічыла іх неістотнымі. Адказчыка Паўла Сяргея не азнаёмілі з матэрыяламі справы.
Павел Сяргей не прызнаў сябе вінаватым. Адвакат абвінавачанага і сам Павел адзначылі парушэнні падчас складання пратаколу, які быў падрыхтаваны завочна, а таксама заявілі пра парушэнне парадку выкліку ў суд.
На наступны дзень 23 снежня суддзя суду Маскоўскага раёна Таццяна Матыль абвясціла рашэнне: прызнаць Паўла Сяргея вінаватым і пакараць штрафам у памеры 25 базавых велічынь.
Як паведамлялі раней праваабаронцы, 2 снежня былі складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні на Яўгена Амелькова, Глеба Вайкуля. Дадзеныя Максіма Вінярскага і Паўла Вінаградава былі ўпісаны ў пратаколы, якія да канца не былі складзеныя на месцы правядзення акцыі.
Некаторых студэнтаў філфака БДУ, у тым ліку і Глеба Вайкуля, выклікалі на наступны дзень на камісію ў дэканат факультэта.
Фота Радыё Свабода