Адказаць на каментар
Учора штрафамі суд Маскоўскага раёна Мінска пакараў Алеся Макаева і Максіма Вінярскага. Меліся судзіць таксама Паўла Севярынца. Актывісты ўдзельнічалі ў акцыі 24 лістапада ў гадавіну рэферэндуму 1996 года, па выніках якога былі істотна пашыраныя паўнамоцтвы прэзідэнта.
19 студзеня суддзя Маскоўскага раёна г.Мінска Аляксандр Петраш разглядаў адміністратыўныя справы Алеся Макаева і Максіма Вінярскага паводле арт. 23.34 КаАП "Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў” за ўдзел у шэсці 24 лістапада, якое было прысвечана гадавіне рэферэндуму 1996 года і ўшанаванню памяці зніклых палітыкаў ў Мінску.
Суд прызнаў актывістаў вінаватымі і прысудзіў ім штрафы. Макаеў пакараны штрафам у памеры 9 мільёнаў 450 тысяч беларускіх рублёў (45 базавых велічынь), Вінярскі – 10,5 мільёна рублёў.
У той жа дзень, 19 студзеня, у Маскоўскім судзе Мінска а 14.30 быў прызначаны адміністрацыйны суд у справе сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца – за ўдзел у акцыі 24 лістапада 2015 года. Праўда, ён на суд не з’явіўся, бо не атрымаў позвы.