Адказаць на каментар
Адміністрацыя калоніі адклікала сваю заяву ў суд аб пераводзе на турэмны рэжым утрымання Міхаіла Жамчужнага нібыта за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”. Можна меркаваць, што гэтага удалося дасягнуць, дзякуючы пільнай увазе грамадскасці і праваабарончых арганізацый да гэтай справы.
21 красавіка суд Барысаўскага раёна задаволіў прадстаўленне папраўчай калоніі і спыніў вытворчасць па справе аб пераводзе Жамчужнага ў турму.
Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.
Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.
Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.
Нагадаем, напрыканцы сакавіка паводле аналагічнай справы – ч.2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) – судзілі Андрэя Бандарэнку. Яго цалкам апраўдалі і, паколькі ягоны тэрмін зняволення падышоў да заканчэння, вязня вызвалілі на наступны дзень.