Адказаць на каментар
На мінулым тыдні пасля 24 сутак арышту вызваліўся Максім Вінярскі і пасля 25 сутак арышту Леанід Кулакоў.
Арыштанты пасля амаль месяца правядзення за кратамі ў, мякка кажучы, не вельмі добрых санітарных умовах выйшлі з пачарнеўшай скурай і зарослыя бародамі.
19 красавіка, пасля 25 сутак арышту з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна на волю выйшаў актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Леанід Кулакоў. Яго сустракалі палітыкі, грамадскія актывісты і сябры. Адразу пасля вітальных слоў Кулакову сябры перадалі новыя позвы і сумную навіну пра канфіскацыю ягонага аўтамабіля.
Днём раней на волю выйшаў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі. Міліцыя спрабавала сарваць ягоную сустрэчу з паплечнікамі, адвёзшы яго ў Маскоўскі РУУС Мінска. Але ён праз некаторы час вярнуўся да турэмнай брамы, каб павітацца з сябрамі. Былы арыштант запэўніў, што ўсё ў яго ў парадку, настрой захаваў бадзёры, планы на будучыню мяняць не збіраецца.
27 сакавіка суд Першамайскага раёну сталіцы пакараў актывіста 8 суткамі адміністрацыйнага арышту за «дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі» падчас акцыі на Дзень Волі. Але ўжо падчас адбыцця тэрміну ён атрымаў яшчэ два разы па 8 сутак за абарону Курапатаў.