Баранавіцкія прадпрымальнікі патрабуюць ад міліцыі вызваліць свайго калегу
Заяву начальніку ГАУС за вызваленне Мікалая Чарнавуса падпісалі 105 чалавек.
Індывідуальныя прадпрымальнікі Цэнтральнага гарадскога і Палескага рынкаў напісалі заяву і сабралі 105 подпісаў за вызваленне Мікалая Чарнавуса, які цяпер знаходзіцца ў I-м хіругічным аддзяленні гарадской бальніцы пад наглядам міліцыі. Грамадскі актывіст абвінавачваецца паводле арт. 23.34 ч.3 КаАП – арганізацыя і правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства прадпрымальнікаў 1 ліпеня.
У заяве на імя начальніка ГАУС палкоўніка Вячаслава Герасімовіча адзначаецца, што Мікалай Чарнавус не ўчыніў супрацьпраўных дзеянняў, бо індывідуальныя прадпрымальнікі самаарганізаваліся 1 ліпеня і правялі сход на каапрынку і ў гарвыканкаме.
Таму яны просяць:
- праверыць аб’ектыўнасць затрымання 2 ліпеня М. Чарнавуса, улічаючы тое, што ён з’яўляецца інвалідам II-ой групы;
- прыняць да ўвагі 105 подпісаў ІП, якія падцвярджаюць факт самаарганізацыі прадпрымальнікаў 1 ліпеня;
- вызваліць Мікалая Чарнавуса з-пад варты.
Каля 40 ІПэшнікаў адвезлі гэты калектыўны зварот у гарадскі аддзел міліцыі. А іх прадстаўнікі Мікалай Чарнавус-малодшы і Аляксандр Вайцешык перадалі супольную заяву з подпісамі начальніку аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі падпалкоўніку міліцыі Андрэю Урублеўскаму. Супрацоўнік міліцыі, ў прысутнасці Чарнавуса-малодшага і Аляксандра Вайцешыка зарэгістраваў заяву і выказаў надзею, што, магчыма, сёння Чарнавус-старэйшы будзе вызвалены з-пад варты, паведамляе cайт ПЦ “Вясна”.
Пакінуць новы каментар