Беларускамоўныя вучні гарадзенскай гімназіі аднавілі навучанне
Гарадзенскія гімназісты Даніла і Мікіта Кузьмінічы вярнуліся за парты гарадзенскай гімназіі №10. Барацьба бацькоў за права навучацца па-беларуску прывяла да станоўчага выніку.
Адміністрацыя гімназіі пагадзілася вярнуцца да кампраміснага варыянту навучання Данілы Кузьмініча паводле індывідуальных заняткаў па-беларуску.
Нажаль, цяпер адсутнічае агульная сістэма, якая стварала б камфортныя магчымасці для дзяцей навучацца па-беларуску ў школах Беларусі.
Нагадаем, раней адзін з бацькоў навучэнцаў гарадзенскай гімназіі №10 вымушаны быў адмовіцца адпраўляць сваіх дзяцей вучыцца, каб прыцягнуць увагу да ігнаравання права ягоных дзяцей навучацца па-беларуску.
"Для нас навучанне па-беларуску – гэта прынцыпова. Мы пайшлі на саступкі, а ў выніку атрымалася, што і гэтага немагчыма забяспечыць для Данілы. Няма сістэмы, якая б дазваляла без дыскрымінацыі, спакойна напісаць бацькам заяву і атрымаць магчымасць іхным дзецям навучацца па-беларуску. Альбо хаця б па індывідуальным маршруце. Калі ты пішаш такую заяву, то ты павінен быць падрыхтаваны да вялікай колькасці сустрэчаў з адміністрацыямі розных роўняў для таго, каб узгадніць розныя пазіцыі. Само па сабе – гэта дыскрымінацыйна", - тлумачыць свае дзеянні Радыё Рацыя Ігар Кузьмініч.
Чатыры месяцы цывілізаванага змагання за беларускае навучанне для Данілы вынікаў не дало. Самому бацьку Ігару Кузьмінічу нічога не засталося, як накіраваць ліст ў абласны выканаўчы камітэт, дзе ён патлумачыў прычыну сваіх дзеянняў.
Пакінуць новы каментар