Беларусы адсвяткавалі 25 сакавіка Дзень Волі. (Фотарэпартаж з Мінску)
На шэсце ў гонар Дня Волі ў Мінску сабраліся некалькі тысячаў чалавек, нават нягледзячы на вельмі неспрыяльнае надвор’е. Акцыя была самай масавай ад часоў Плошчы 2010 года. Падчас маніфестацыі і мітынгу людзі скандавалі «Свабоду Сяргею Каваленку”,жыццё якога ў небяспецы і ўзгадвалі усіх палітвязняў, якія пакутуюць за нас, за нашу гісторыю, за незалежнасць і дэмакратычны выбар для Беларусі.
Акцыі на Дзень Волі ў рэгіёнах улады не дазволілі.
У Горадніактывісты ўсклалі кветкі да памятнай шыльды паўстанцам Тадэвуша Касцюшкі на Новым замку і да будынку на вуліцы Віленскай, звязанаму з дзейнасцю ўраду БНР у Горадні ў 1918 годзе.
Затрыманых падчас гэтай акцыі Ўладзімера Хільмановіча і Андрэя Ермашука выпусцілі з пастарунку, узяўшы тлумачэнні.
Дзень Волі ў Магілеве прайшоў без якіх-небудзь здарэнняў. Кожны, хто лічыў патрэбным, прыўшоў на Савецкую плошчу і ўсклаў кветкі да будынка сучаснага краязнаўчага музею. Менавіта тут, у 1918 годзе, магілёўцы прызналі ў горадзе ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі.
У другой палове дня ў грамадскім цэнтры “Кола сяброў” была праведзена святочная вечарына. Перад прысутнамі выступілі вядомыя магілеўскія гісторыкі Ігар Пушкін і Аляксандр Агееў. Яны вельмі цікава распавялі пра падзеі, якія адбываліся ў тыя часы. Асабліва звярнулі ўвагу на тое, што гэта гістарычная дата з цягам часу патрабуе да сябе ўсё больш увагі.
Пакінуць новы каментар