Брэсцкі абласны суд не задаволіў скаргу Юрыя Рубцова
Прысуд Пружанскага раённага суда, паводле якога палітвязня прызналі вінаватым ва ўхіленні ад адбыцця пакарання – абмежавання волі – і асудзілі на 2 гады калоніі, такім чынам уступіў у сілу. Юрый Рубцоў бліжэйшым часам будзе накіраваны для адбыцця больш жорсткага пакарання ў адну з калоній.
Як паведамляе Радыё Свабода, калегія абласнога суда ў Брэсце разгледзела касацыйную скаргу актывіста Юрыя Рубцова. Палітвязень прасіў суд адмяніць прысуд Пружанскага раённага суду, паводле якога яго прызналі вінаватым ва ўхіленні ад адбыцця «хіміі» і асудзілі на 2 гады калоніі.
«Скаргу заслухалі, нібыта вывучылі ўсе аргументы абароны, але пакінулі без задавальнення. Самога Рубцова ў суд не прывозілі. Падтрымаць яго прыходзілі мясцовыя прафсаюзныя актывісты», – паведаміла абаронца Юрыя Рубцова карэспандэнту Свабоды.
Адмова ў задавальненні скаргі азначае, што прысуд адносна Юрыя Рубцова ўступіў у сілу. Больш за 2 месяцы «хіміка» Рубцова ўтрымліваюць у следчым ізалятары ў Баранавічах. Куды яго адправяць адбываць новае пакаранне?
«Гэта пакуль невядома. Калоніяў агульнага рэжыму ў краіне хапае, могуць адправіць куды заўгодна. Сваякі Юрыя маюць права напісаць заяву ў Дэпартамент выканання пакаранняў МУС з прапановай пэўнай калоніі, часам такія заявы ўлічваюцца, але наперад сказаць немагчыма», – сказала адвакат.
Пакуль адвакату невядома, ці будзе Юры Рубцоў далей абскарджваць прысуд Пружанскага раённага суду. «З Брэста еду ў Баранавічы, дзе, спадзяюся, змагу з ім сустрэцца. Там усё высветлю», – паведаміла абаронца.
Паводле звестак, пасля апошняй сустрэчы Юрыя Рубцова з адвакатам, якая адбылася на пачатку ліпеня ў баранавіцкім следчым ізалятары, палітвязень трымаў галадоўку пратэсту супраць абыходжання з ім як са злачынцам. У следчым ізалятары звесткі пра галадоўку Рубцова не пацвярджалі.
Напрыканцы 2014 году актывіст з Гомеля Юры Рубцоў трапіў на 1,5 года на «хімію», назваўшы «падонкам» суддзю, які пасля Чарнобыльскага шэсця судзіў яго паўраздзетага. Напярэдадні Рубцова затрымалі міліцыянты і сарвалі з яго майку з надпісам «Лукашэнка сыходзь». На «хіміі» у вёсцы Куплін Пружанскага раёну Юры Рубцоў зрабіў на грудзях тату з такім самым надпісам. «Хімік» Рубцоў патрабаваў працы, якая б адпавядала заяўленаму Аляксандрам Лукашэнкам сярэдняму заробку па краіне ў 500 даляраў, але такой працы ў Пружанскім раёне для Юрыя Рубцова не знайшлі. За адмову выходзіць на працу з нізкім заробкам міліцыянты завялі на актывіста крымінальную справу паводле артыкула аб ухіленні ад адбыцця пакарання. Суд Пружанскага раёну прызнаў Юрыя Рубцова вінаватым па гэтым артыкуле.
Апазіцыя і праваабаронцы ў Беларусі, а таксама за мяжой прызналі Юрыя Рубцова палітвязнем і патрабуюць яго вызваліць.
Пакінуць новы каментар