Вершы Багдановіча пад забаронай?
Распачынаюцца суды за літаратурныя чытанні, прысвечаныя 125-годдзю Максіма Багдановіча. Заўтра будуць разглядаць адміністрацыйную справу кіраўніка Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча.
Суд над Юрасём Губарэвічам пачнецца 27 снежня ў 12.30 у будынку суда Цэнтральнага раёна Мінска. Мяркуецца, што суддзя прыме рашэнне адразу па двух справах супраць Губарэвіча: па акцыі ля КДБ (Дзень смутку ў памяць ахвяраў Савецкай улады) 7 лістапада і чытаннях вершаў у гонар 125-годдзя паэта Максіма Багдановіча 9 снежня.
28 снежня у Цэнтральным судзе з розніцай у паўгадзіны будуць разглядаць справы сябра мінскай гарадской рады Руху Алеся Славінскага і сябра Руху Аляксея Саевіча, 30 снежня той жа суд прыме рашэнне па справе сябра Руху Аляксея Клюшнічэнкі. Усе яны абвінавачваюцца ва ўдзеле ў несанкцыяваным пікеце ля помніка Максіма Багдановіча і калектыўных чытаннях вершаў знакамітага беларускага паэта.
«Абсурдная логіка ўладаў. Калі афіцыёзнае мерапрыемства, то можна нагнаць студэнтаў, вайскоўцаў, якія там сумавалі. А калі людзі праявілі ўласную ініцыятыву, за гэта яны трапляюць пад рэпрэсіі. Усё, што не дазволена, усё забаронена», — пракаментаваў атрыманні пратаколаў Юрась Губарэвіч.
Адзначым, што 9 снежня прайшлі таксама афіцыйныя мераепрыемствы да 125-годдзя Багдановіча. У прыватнасці некалькі гадзінамі да чытанняў Руху ля помніка паэту прайшоў афіцыйны мітынг «Паклонімся Максіму», студэнты вну чыталі ягоныя вершы. Ніхто з удзельнікаў акцыі пакараны не быў.
Паводле рух.by
Пакінуць новы каментар