Да пікета супраць расійскай авіябазы далучаецца "Малады Фронт"
Прадстаўнікі дэмакратычных партый і грамадскіх арганізацый заклікалі беларусаў прыйсці 4 кастрычніка на плошчу Свабоды, каб пратэставаць супраць размяшчэння расійскай вайсковай базы.
«Дамова аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расейскай ваеннай базы можа быць падпісаная ў бліжэйшым часе. Гэта згубны крок, які можа прывесці да страты незалежнасці Беларусі. Гэта здрада нашым нацыянальным інтарэсам, здрада народу і краіне», — сказана ў заяве над назвай «За Беларусь без чужых вайсковых базаў».
Заяву падпісалі былыя кандыдаты на прэзідэнта Уладзімер Някляеў і Мікалай Статкевіч, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч, старшыня руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, актывіст грамадзянскай ініцыятывы «Беларускі рух» Вацлаў Арэшка. Цяпер да ініцыятывы далучыўся і "Малады Фронт". Адпаведнае рашэнне было прынятае на Сойме арганізацыі.
Маладафронтаўцы прапаноўваюць удзельнікам акцыі узяць як мага больш бел-чырвона-белых нацыянальных беларускіх сцягоў. «Зробім 4 кастрычніка на плошчы Свабоды мора бел-чырвона-белых сцягоў!» — кажа Яўген Васьковіч.
"Апазіцыя адзіная ў непрыманні намеру Расіі размясціць у Беларусі свае самалёты. «Гэта не проста нейкая фармальная авіябаза — гэта пэўны Рубікон, перайшоўшы які, назад вярнуцца будзе вельмі складана і каштаваць гэта будзе вельмі дорага. Мы бачым, чым абярнулася расейская марская база ў Крыме для Украіны і тым самым можа абярнуцца такая база для Беларусі", — перадае словы старшыні ПБНФ Аляксея Янукевіча сайт nn.by.
Пакінуць новы каментар