Журналіста пакаралі за "незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ"
Глыбоцкі раённы суд 23 ліпеня аштрафаваў журналіста Змітра Лупача на 25 базавых велічынь.
Яго прызналі вінаватым у парушэнні заканадаўства аб СМІ і артыкула 22.9 ч.2 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) на падставе размяшчэння 9 чэрвеня на сайце "Еўрарадыё" матэрыялу "Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года", паведамляе bchd.info.
"Адвакат разнесла довады абвінавачвання ў пух і прах. Але суддзя Казак, якая таксама ўзначальвае раённы суд, нават не даслухала аргументы да канца і вынесла свой прысуд", - адзначыла каардынатар БХД па Віцебшчыне Таццяна Севярынец.
Беларуская журналісцкая супольнасць лічыць прыцягненне да адказнасці журналістаў паводле артыкула 22.9 ч.2 КаАП неправамерным. Беларуская асацыяцыя журналістаў нават заклікала дзяржаўныя органы да публічнага абмеркавання існуючай праблемы. Тым не менш, ад пачатку года незалежныя журналісты (з улікам пакарання Лупача) былі аштрафаваныя 25 раз на агульную суму 133 мільёнаў 270 тысяч рублёў.
Пакінуць новы каментар