Зміцер Бандарэнка: “Сённяшняя сістэма – гэта мутант”
Зміцер Бандарэнка, каардынатар Еўрапейскай Беларусі і давераная асоба Андрэя Саннікава пасля вызвалення з папраўчай калоніі № 15 ў Магілёве разам з жонкай Вольгай наведаў Камітэт “Салідарнасць”.
- Спадар Зміцер, ці давялося адчуць за кратамі, калі вы хварэлі, простае чалавечае спачуванне ?
-Так, хаця з чалавечага боку я быў у лепшай сітуацыі. Да мяне прыяжджаў адвакат, я атрымліваў перадачы, газеты, якімі я дзяліўся з усім атрадам. Там былі людзі з тэрмінамі 10 і 15 гадоў адсідкі. Былі бізнэсоўцы, якія страцілі маёмасць, сям’ю, хату і якім ніхто не пісаў. Для іх мой тэрмін называўся “два панядзелкі”.
Галоўная - я атрымліваў шмат лістоў ад родных, сяброў, зусім незнаемых людзей.
Самыя чаканыя лісты былі ад жонкі і дачкі, хоць яны не так скора даходзілі.
Гэтыя тысячы лістоў з усёй краіны і з ўсяго свету я ўспрымаў як цудоўную літаратурную і чалавечую з’яву.
Да мяне прыходзіў ксёндз па пятніцах, раз на тыдзень, я ўдзельнічаў у споведзі і прымаў камунію. Святар ставіўся да мяне, так як і да іншых зняволеных. Прыводзіў прыклады, як каталіцкія святары ў ГУЛАГу знаходзіліся доўгія гады.
Калі мне рабілі аперацыю ў шпіталі, мной апекаваўся прафесар, які адчуваў асабістую адказнасць і імкнуўся дапамагчы.
- Як вы ўспрымаеце тое, што адбылося з вашымі калегамі Андрэеем Саннікавым, Наталлей Радзінай, іншымі?
- Андрэй Саннікаў - сапраўдны духоўны лідар, які прайшоў страшэнныя выпрабаванні
Не ведаю, як бы я дзейнічаў, калі б ведаў, што ў суседняй камеры сядзіць мая жонка, а па тэлебачанні расказваюць, як адбіраюць сына ў сям’і. Можа, прызнаўся бы і ў тым, чаго і думаў не рабіць. А ён вытрымаў, мужна вынес гэту пакуту.
Андрэй Саннікаў - палітык, за якога мне не сорамна. Цяпер яму патрэбна сур’ёзная рэабілітацыя.
Наталля Радзіна ў камеры КДБ спазнала сапраўдныя катаванні, калі яё не выпускалі па малой патрэбе, з-за гэтага ў яе пачаліся болі ў жываце, потым ахоўнікі былі прымушаны спыніць злачынную практыку.
Мы павінны думаць аб тым, што колькасць асуджаных на 100 тысяч чалавек у Беларусі перавышае паказчык па Еўразвязу – гэта анамальна.
- Як вы ўспрымаеце сітуацыю на Беларусі сёння?
- Першаснае - павінны быць вызваленыя ўсе палітвязні. Нашым прынцыпам быў негвалтоўны супраціў. У дыктатуры – іншыя правілы.
Беларуская сістэма – гэта мутант, гамункулус. Развіцця ў такой краіне быць не можа. Мяне, напрыклад, вербавалі ў КДБ, казалі: падтрымаем цябе, калі пойдзеш на парламентскія выбары.Тое ж яны прапанавалі і Уладзіміру Кобецу.
Бізнесоўцы, якія са мной знаходзіліся ў калоніі, пасля вызвалення мяркуюць з’яжджаць на Захад.
Але рана ці позна перамены прыйдуць і да нас.
Пакінуць новы каментар