Камітэт ААН рэгулярна фіксуе парушэнне правоў беларускіх грамадзян
Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў парушэнне права на мірны сход і атрыманне інфармацыі сябра Партыі БНФ Сяргея Лазенкі, а таксама неаднаразовае парушэнне права на распаўсюд інфармацыі актывіста АГП з Гомеля Уладзіміра Няпомняшчых.
Сяргей Лазенка быў затрыманы ў жніўні 2007 года і прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства – сход гарадской арганізацыі Партыі БНФ у офісе партыі ў Брэсце. Акрамя Лазенкі тады былі затрыманы яшчэ 24 чалавекі, сярод якіх -- палітык Павел Севярынец, які прэзентаваў сваю новую кнігу “Лісты з лесу”. Праваабаронца Раман Кісляк нагадаў, што затрыманыя былі дастаўлены ў РУУС Маскоўскага раёна, большасць – пакараныя штрафамі, а Павел Севярынец і Андрэй Шарэнда атрымалі адміністрацыйныя арышты.
Уладзімір Няпомняшчых 7 кастрычніка 2011 года распаўсюджваў сярод жыхароў Гомеля ўлеткі з заклікам да ўдзелу ў Народным Сходзе, які адбываўся з ініцыятывы мясцовых дэмакратаў дзеля абмеркавання сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў краіне. Суддзя суду Цэнтральнага раёну Гомеля Алена Цалкова таксама пакарала актывіста буйным штрафам. Не знайшоўшы абароны сваіх правоў унутры краіны, актывіст таксама паскардзіўся ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Камітэт рэкамендуе беларускім уладам аднавіць актывістаў ў правах, кампенсаваць усе панесеныя выдаткі, а таксама змяніць нацыянальны закон «Аб масавых мерапрыемствах».
ПЦ “Вясна” нагадвае, што кожная другая скарга з Беларусі, якая разглядаецца ў Камітэце па правах чалавека ААН, тычыцца парушэння права на свабоду меркаванняў.
Пакінуць новы каментар