Леанід Кулакоў пакараны за віншаванне праваабаронцаў
Першамайскі суд Мінска 5 студзеня пакараў актывіста “Еўрапейскай Беларусі” штрафам у 30 базавых велічынь за… адзіночны пікет, які палічыў масавым мерапрыемствам.
Судовае паседжанне па справе Леаніда Кулакова пачалося 5 студзеня а 14-й гадзіне ў Першамайскім судзе г. Мінска. Яго вінавацілі па арт. 23.34 “Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў” за адзіночны пікет, які актывіст правёў 10 снежня ў Міжнародны дзень правоў чалавека, паведамляе spring96.org.
Актывіст патлумачыў свой учынак суду:
“10 снежня быў Міжнародны дзень правоў чалавека, сваёй акцыяй я вырашыў проста павіншаваць нашых беларускіх праваабаронцаў і выказаць сваю салідарнасць ім у барацьбе за адмену смяротнага пакарання. У сваіх дзеяннях я не знаходжу складу злачынства, а судзяць мяне за іншадумства і маю актыўную пазіцыю”.
Актывіст не падаваў заявы на атрыманне дазволу правесці пікет, бо лічыць, што свабода мірных сходаў замацавана ў Канстытуцыі. Аднак, суд не прыняў да ўвагі такія довады і пастанавіў, што актывіст прызнаецца вінаватым у парушэнні артыкула 23.34 КаАП і прыцягваецца да адказнасці ў выглядзе штрафу ў 30 базавых велічынь (з 1 студзеня - шэсць мільёнаў трыста тысяч рублёў).
Варта заўважыць, што шматразовыя ранейшыя спробы дэмакратычных актывістаў атрымаць у сталічных уладаў дазвол на правядзенне хаця б адзіночнага пікета практычна заўсёды сканчаюцца няўдачай.
Пакінуць новы каментар