Лекуюць альбо рэпрэсуюць?
У судзе Светлагорскага раёна 23 красавіка адбыўся разгляд грамадзянскай справы па зыску грамадскага актывіста Юрыя Ляшэнкі да мясцовых медыкаў. Заяўнік просіць суд прызнаць дзеянні медыкаў, якія затрымалі яго на пікеце ў лістападзе 2014 года, незаконнымі.
Гомельскія журналісты Ларыса Шчыракова і Кастусь Жукоўскі 23 красавіка на судзе
выступалі сведкамі, і сцвярджалі, што Юрый Ляшэнка не скардзіўся на здароўе, выглядаў бадзёрым і спакойным, і не было ніякай патрэбы ў паслугах «хуткай».
Юрый Ляшэнка звярнуў увагу, што медыкі так спяшаліся адвезці яго з пікета ў бальніцу, што нават не спыталіся яго прозвішча, не памацалі пульс, не памералі ціск, не слухалі яго пярэчанняў, што ў яго няма скаргаў на здароўе.
Сайт ПЦ “Вясна” нагадвае, што летась у лістападзе грамадскі актывіст, інвалід першай групы Юрый Ляшэнка праводзіў каля райвыканкама адзіночны пікет у абарону правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Не паспеў ён разгарнуць плакат, як на плошчу выехала карэта хуткай дапамогі, супрацоўнікі якой схапілі грамадскага актывіста разам з вазком, на якім ён перамяшчаўся, і завезлі супраць яго волі ў шпіталь. Прычым медыкі заявілі Юрыю Ляшэнку, што яму нібыта блага, і яны яго ратуюць.
У шпіталі жыхару райцэнтра зрабілі некалькі ўколаў, і тут жа «матэрыялізаваўся» міліцыянер, які склаў на яго адміністрацыйны пратакол за несанкцыянаваны пікет.
Юрый Ляшэнка лічыць, што ў дадзеным выпадку ідзе размова пра выкарыстанне медыцынскіх работнікаў у палітычным пераследзе грамадзян. Ён спрабаваў абскардзіць дзеянні медыкаў па лініі сістэмы аховы здароўя, але безвынікова.
Слуханні судовай справы працягнуцца 29 красавіка – будуць заслуханы сведкі з боку «хуткай» і прагледжаны відэаматэрыялы. Таксама заяўнік запатрабаваў прадставіць на суд аўдыёзапіс званка таго невядомага, які выклікаў «хуткую».
Пакінуць новы каментар