Лік аштрафаваных за ўшанаванне паўстанцаў Каліноускага павялічыўся да 15-ці
Паэта і барда Змітра Захарэвіча, які каля помніка нацыянальным героям чытаў свае вершы, пад Новы год аштрафавалі на 1050 рублёў.
Паводле Захарэвіча, позву ў Свіслацкі раённы суд яму ў Мінск прывезлі міліцыянты. Разгляд справы быў прызначаны на 30 снежня, але Захарэвіч у суд не паехаў, паведамляе Радыё Свабода.
— Ды які сэнс быў туды ехаць, калі рашэнне было вядомае заранёў? Да мяне асудзілі ўжо больш за дзесяць чалавек. Вінаватым я сябе не лічу, паколькі ніякіх законаў не парушаў, а падчас ушанавання памяці нацыянальных герояў чытаў свае вершы.
Захарэвіч кажа, што хоць і ня лічыць сябе вінаватым, але ня будзе абскарджваць рашэнне суду.
— Гэта лішняя трата часу і сродкаў. І так відавочна, што рэжым не змяніў свайго стаўлення да тых, хто ля помнікаў нацыянальным героям чытае вершы. Іх судзяць ня толькі ў Свіслачы, але і ў іншых гарадах.
Паводле праваабаронцаў, за ўшанаванне паўстанцаў Каліноўскага ў Свіслачы былі асуджаныя чатырнаццаць актывістаў з розных гарадоу Беларусі. Пятнаццатым стаў Зміцер Захарэвіч з Мінску.
На 30 снежня ў Свіслачы былі прызначаныя працэсы, акрамя як над Змітром Захарэвічам, яшчэ над сустаршынём руху салідарнасці «Разам» Алесем Макаевым і старшынём Партыі БНФ Аляксеем Янукевічам. Але ні Макаева, ні Янукевіча таксама на судах у Свіслачы не было, і рашэнняў суду яны пакуль не атрымалі.
Пакінуць новы каментар